З 1 снежня на ўчастку МКАД забароняць рух ціхаходаў
З 1 снежня на ўчастку ад 4‑га па 16‑ты кіламетры МКАД у абодвух напрамках з 7:00 да 20:00 забароняць рух ціхаходных і малаінерцыйных транспартных сродкаў, пішуць Мінск-навіны.
Згодна са статыстыкай, з удзелам ціхаходных і малаінерцыйных транспартных сродкаў (трактароў, пагрузчыкаў, экскаватараў і г. д.) на хуткаснай магістралі перыядычна адбываюцца аварыі, у тым ліку з пацярпелымі.
Да ДТЗ часта прыводзіць вялікая розніца ў хуткасцях руху. Найбольш аварыйна небяспечным прызнаны ўчастак МКАД працягласцю каля 12 км — ад развязкі з мясцовым праездам ад вул. Ваўпшасава і вул. Ліпкоўскай да развязкі з вул. В. Турава і аўтадарогай Н-9034. Тут, паводле ДАІ, адзначаецца высокая шчыльнасць патоку транспартных сродкаў, у тым ліку ціхаходных.
План мерапрыемстваў па абмежаванні руху ціхаходных і малаінерцыйных транспартных сродкаў у дзённы час сутак на МКАД распрацаваны рабочай групай па даручэнні камісіі па забеспячэнні бяспекі дарожнага руху пры Мінгарвыканкаме.
У якасці прафілактычных мер на ўчастках вулічна-дарожнай сеткі, прылеглых да МКАД ад развязкі з мясцовым праездам ад вул. Ваўпшасава і вул. Ліпкоўскай да развязкі з вул. В. Турава і аўтадарогай Н-9034 (у абодвух напрамках), паставяць дарожныя знакі 3.6 «Рух трактароў забаронены».
Забарона пачне дзейнічаць з 1 снежня на ўчастку ад 4‑га па 16‑ты кіламетры МКАД у абодвух напрамках, з 7:00 да 20:00.
Альтэрнатыўнымі маршрутамі руху ціхаходаў у ДАІ называюць аўтадарогу Н-9034 — вул. Сяліцкага — праспект Партызанскі, і мясцовы праезд МКАД — вул. Ваўпшасава — вул. Радыяльная — прасп. Партызанскі — вул. Кабушкіна — вул. Ташкенцкая — вул. Убарэвіча.
Кантроль выканання ўдзельнікамі дарожнага руху ўведзеных абмежаванняў будзе весціся як у аўтаматычным рэжыме, з выкарыстаннем Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, так і непасрэдна супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі.