БЕЛ Ł РУС

«Я адразаў людзям галовы». У Мінску п'янчуга хваліўся ўдзелам у вайне ва Украіне і з нажом кінуўся на наведвальніка кафэ

5.11.2025 / 14:13

Nashaniva.com

34‑гадовы мужчына ледзьве ўратаваўся ў мінскім кафэ ад нападніка з нажом, які пагражаў адрэзаць галаву.

Ілюстрацыйны здымак

34‑гадовы мінчук зайшоў паабедаць у кафэ на праспекце Ракасоўскага. Вывучаючы меню, ён пачуў, як адзін відавочна п'яны наведвальнік нецэнзурна выражаецца ў яго адрас, але праігнараваў гэта. Далей незнаёмец прапанаваў выйсці на вуліцу пагаварыць, і ў гэты момант мужчына ўбачыў, што ў незнаёмца на поясе вісіць нож у ножнах, а пад рэмень засунуць прадмет, падобны да пісталета. Ён спалохаўся і прапанаваў пагаварыць за столікам, расказвае «Мінск-навіны». 

П'яны хлопец пагадзіўся і стаў распавядаць, што ўдзельнічаў у «спецаперацыі» на тэрыторыі Украіны і адразаў людзям галовы.

Раптам ён выхапіў нож і пачаў пагражаць мінчуку, размахваючы ім каля яго твару і патрабуючы выйсці на вуліцу. Мужчына, спрабуючы захоўваць спакой, пагадзіўся, але пры ўмове, што зламыснік выкіне нож у сметніцу.

Каля ўваходу ў кафэ ён зноў стаў пагражаць мінчуку расправай і раптам вярнуўся ў кафэ — верагодна, каб забраць нож. Скарыстаўшыся момантам, мінчук сеў у свой аўтамабіль і пазваніў у міліцыю.

29‑гадовага хлопца затрымалі.

— Абвінавачаны раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, — расказаў намеснік пракурора Ленінскага раёна Аляксандр Мазанік.

Хлопца вінавацяць у асабліва злосным хуліганстве.

Ці сапраўды ён удзельнічаў у вайне ва Украіне, выданне не ўдакладняе, але і не абвяргае. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула