Жалезная заслона ў дзеянні: як зменшылася колькасць перасячэнняў мяжы Беларусі і Еўрасаюза за апошнія гады
Колькасць і грузавікоў, і легкавікоў, якія праязджаюць праз мяжу, зменшылася ў разы.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Жалезная заслона амаль апушчаная
На цяперашні момант на мяжы Беларусі з Еўрасаюзам у літаральным сэнсе працуе тры з паловай пункты пропуску.
На мяжы з Польшчай — гэта «Брэст — Тарэспаль» для пасажырскага руху і «Казловічы — Кукурыкі» для грузавога.
На мяжы з Латвіяй — «Грыгароўшчына — Патэрніекі». Пры гэтым трапіць у Латвію няпроста: аўтамабілі на беларускіх нумарах туды даўно не пускаюць, а яшчэ беларусам не пазней чым за 48 гадзін да перасячэння мяжы трэба запоўніць адмысловую анкету. Вярнуцца з Еўропы праз Латвію яшчэ складаней, бо там ад 15 кастрычніка дзейнічае электронная чарга. Па стане на 6 лістапада бліжэйшы слот ёсць толькі на 18 лістапада.
На мяжы з Літвой працуе толькі «Каменны Лог — Меднікі», але толькі на выезд з Беларусі і толькі для грамадзян ЕС, трымальнікаў літоўскіх ДНЖ і яшчэ для некаторых выключэнняў.
Цяпер за суткі з Беларусі ў ЕС праязджае каля 850—900 легкавых аўто і каля 800 грузавых.
За апошнія суткі з Беларусі ў ЕС выехала 882 легкавікі. Фота: тэлеграм-канал Памежнага камітэта Беларусі
А як было раней?
Паглядзець, колькі грузавых і легкавых аўто ў сярэднім за суткі выязджала раней, можна ў тэлеграм-канале Памежнага камітэта Беларусі.
Першыя звесткі пра колькасць грузавікоў, аформленых на выезд з Беларусі, там пачалі публікаваць яшчэ ў даваенны час — з 28.01.2022.
Тады за суткі з Беларусі ў Еўрасаюз выехалі 2204 грузавікі, а 1 лютага 2022 года — 2277 грузавікоў.
Па стане на 12:00 28 студзеня 2022 года з Беларусі ў ЕС выехала 2204 грузавіка, а 2 лютага 2022 года — 2227. Фота: тэлеграм-канал Памежнага камітэта Беларусі
Пазней, у тым ліку ў першыя тыдні вайны, з Беларусі ў ЕС за суткі выязджалі ад 2300 да 2500 грузавікоў супраць каля 800 цяпер.
Адметна, што праз «Відзы» ў Літву прапускалі фур нават больш за норму. Блізка да пазначаных 200 грузавікоў за суткі выязджала ў кожным пункце пропуска на латвійскім кірунку.
Для параўнання, праз тры гады, у канцы студзеня-пачатку лютага праз «Грыгароўшчыну-Патэрніекі» праз Латвію ў ЕС праязджала ўжо каля 50‑70 фур. Падобныя лічбы мы назіраем і цяпер.
Па стане на 12:00 31 студзеня 2022 года з Беларусі ў Латвію выехала 53 грузавікі, а 5 кастрычніка 2025 года — 70. Фота: тэлеграм-канал Памежнага камітэта Беларусі
Агулам паток грузавікоў у параўнанні з пачаткам 2022 года скараціўся прыкладна ў тры разы. І гэта з улікам таго, што праз мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, ужо быў закрыты пункт пропуску «Брузгі—Кузніца», што на мяжы з Польшчай.
А што з легкавікамі?
Што тычыцца пасажырскага руху, то інфармацыя пра колькасць легкавых аўто, якія за суткі выехалі ў ЕС, пачала публікавацца ў канале пагранічнікаў на пяць месяцаў пазней — толькі з 28 чэрвеня 2022 года.
У той дзень з Беларусі ў Еўрасаюз выехала 3811 легкавых аўто. У сярэдзіне 2022‑га лічба аўто, аформленых на выезд, вагалася ў межах 3000‑3500 легкавікоў.
Па стане на 12:00 28 чэрвеня 2022 года з Беларусі ў ЕС выехала 3811 легкавых аўто, а 8 жніўня 2022 года — 3509 аўто. Фота: тэлеграм-канал Памежнага камітэта Беларусі
Адметна, што і ў сітуацыі з легкавікамі адрозніваецца не толькі колькасць пунктаў пропуску, але і колькасць транспарту, які раней за суткі прымалі з боку ЕС.
Так, напрыклад, 28 чэрвеня 2022‑га ў чатырох з шасці дзейных на той момант пунктах пропуску на мяжы з Літвой, а таксама на адным з двух пунктаў пропуску на мяжы з Латвіяй праз мяжу праехала больш тэхнікі, чым было прадугледжана нормай.
Пры норме ў 300 аўто праз «Урбаны—Селене» з Беларусі ў Латвію праехала 366 машын.
А 8 жніўня 2022 года адразу ў пяці з шасці пунктах пропуску на мяжы з Літвой на выезд з Беларусі было аформлена больш машын, чым па норме.
У выніку праз скарачэнне колькасці пунктаў пропуску і меншую колькасць машын, якія прапускаюць за суткі, колькасць аўтамабіляў, што за суткі перасякаюць мяжу Беларусі і Еўрасаюза, скарацілася больш чым у чатыры разы — з 3800 да каля 900 у суткі.
Больш, чым проста лічбы
Статыстыка, якая паказвае, што грузавы трафік паміж Беларуссю і Еўрасаюзам скараціўся прыблізна ў тры разы, а пасажырскі — больш чым у чатыры, — гэта больш, чым проста статыстыка.
Гэтыя лічбы выдатна адлюструюць, наколькі Беларусь стала ізаляванай ад Еўрасаюза і наколькі яна стала больш шчыльна прымацаванай да Расіі — прычым не толькі ў палітычным і эканамічным аспектах.