БЕЛ Ł РУС

«Ніколі не баяўся працы рукамі». Беларускі фехтавальнік эміграваў у 58 гадоў і цяпер ставіць вокны ў Кракаве

4.11.2025 / 23:59

Nashaniva.com

Былы старшы трэнер зборнай Беларусі па фехтаванні Аляксандр Мікалайчук цяпер трэніруе ў Кракаве аматараў. Але гэта па суботах. А з панядзелка па пятніцу ставіць вокны. Яго не палохаюць падыманне пешшу на 9‑й паверх і капрызы надвор'я. Жыццё спартсмена крута павярнулася пасля 2020 года, калі ён падпісаў ліст за сумленныя выбары. Але ён кажа, што пра той учынак не шкадуе. Most пагаварыў з Аляксандрам Мікалайчуком пра цяжкасці эміграцыі, змену прафесіі і беларускае кам'юніці ў Кракаве.

Аляксандр Мікалайчук. Фота з ягонага архіва

Калега па зброі дапамог уладкавацца на новым месцы

Аляксандр вымушаны быў пакінуць Беларусь у 2021 годзе. Беларус пасяліўся ў Кракаве. Гэты горад быў знаёмы яму па польскіх спаборніцтвах сярод фехтавальнікаў-ветэранаў.

«На гэтых стартах стаў цесна мець камунікацыю з адным з супернікаў, прыкладна майго ўзросту. А ён жыве ў Кракаве. І калі пакінуў Мінск у 2021-м, то гэты, як кажуць, калега па зброі дапамог уладкавацца на новым месцы. Горад наогул удала размешчаны. Працягваю ездзіць на спаборніцтвы і па Польшчы, і ў іншыя краіны ЕС — з Кракава зручна дабірацца ў любым кірунку».

Аляксандр лічыць, што Кракаў адрозніваецца ад іншых польскіх гарадоў у лепшы бок.

«Гэты горад пастаянна бурліць. Заўважыў, што ў Кракаве заўсёды шмат людзей. У выхадныя дык увогуле мурашнік — асабліва ў цэнтры. Турыстычная Мека, як я называю. Мне гэта падабаецца. У іншых польскіх гарадах — нават умоўных Гданьску ці Уроцлаве — не так, а ў некаторых месцах наогул цішыня. У Кракаве мала шэрага надвор'я. Гэта вялікі плюс. Можа, камусьці не хапае снежнай зімы, але мяне задавальняе».

Аляксандр Мікалайчук — другі злева. Фота з яго архіва

«Бачыў, што нас большасць»

Беларусу давялося эміграваць праз сваю грамадзянскую пазіцыю ў 58 гадоў. Самым цяжкім Мікалайчук называе неабходнасць вучыць новую мову.

«Пакуль не ўдаецца авалодаць польскай у той ступені, у якой хацелася б. Практыка ёсць, але яшчэ не ўсё разумею. Можа, няма моцнай матывацыі.

Ведаеце, у свой час працаваў год у Германіі. Нямецкую проста не пераносіў, як гучыць, але давалася яна значна лягчэй. А ў школе з задавальненнем вучыў французскую — на гэтай мове, дарэчы, традыцыйна судзяць фехтаванне».

Часам няпроста Аляксандру і маральна. Цяпер ён не можа прыязджаць у родную краіну, што выклікае сум. Кажа, што сумуе па Мінску і ўспамінае дом.

Аляксандр Мікалайчук. Фота з яго архіва

Тым не менш, пра зроблены ў 2020 годзе выбар не шкадуе. Кажа, што не меў права маўчаць пасля фальсіфікацыі вынікаў галасавання і гвалту з боку сілавікоў.

«Бачыў, што нас большасць. Не атрымалася нешта змяніць, Але народ масава выказаўся. Веру, што ў Беларусі ўсё адно наступяць перамены, хай і няхутка. А вось пра што шкадую дагэтуль, дык гэта пра падзеі ў 2010-м. Калі ў Мінску пачаліся пратэсты пасля выбараў, я выйшаў на вуліцу, але пабаяўся ісці ў эпіцэнтр падзей».

Аляксандр Мікалайчук. Фота з яго архіва

«Быў гатовы маральна і не пакутаваў»

Ужо на трэці дзень пасля прыезду ў Польшчу Мікалайчук пайшоў працаваць на будоўлю. Разам з украінцам яны ўладкаваліся на земляныя работы.

«Дапусцім, дзесьці пракладалі каналізацыю. Экскаватар не мог падабрацца — мы з калегам варочалі рыдлёўкамі. Катаржная праца. Але я быў гатовы маральна і не пакутаваў. Галоўнае бо, як у галаве настроішся».

Потым пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, і Аляксандр застаўся без напарніка — той на радзіме запісаўся ў тэрабарону. А беларус змяніў профіль і стаў займацца устаноўкай вокнаў.

«Ніколі не баяўся працы рукамі. У Мінску ў свой час зрабіў рамонт пасля куплі кватэры. Таму не бачу праблем, што ў эміграцыі пераключыўся на фізічную працу. Для мяне гэта і як трэніроўка перад турнірамі, калі не атрымліваецца пайсці ў залу».

Акрамя беларуса, у камандзе ўкраінец і чатыры палякі. Працуюць і на шкленні шматпавярховак, якія будуюцца, і на дробных аб'ектах. Заказаў хапае.

«Не назваў бы працу манатоннай. Можа, з боку гэта і здаецца лёгкай справай, але, паверце, не ўсё так проста з вокнамі, трэба налаўчыцца, каб атрымлівалася без нараканняў».

«Цяплей апрануўся — і ўсё нармальна»

Аляксандр не хавае, што ў фізічнай форме дасць фору і сваім маладым напарнікам.

«Яны не асабліва любяць рухацца. Напрыклад, працуем на дзявятым паверсе аб'екта — хлопцы і абед возьмуць наверх, каб не рабіць лішніх рухаў. А я люблю хадзіць уверх-уніз, сам вызываюся нешта прынесці. Аднойчы 20 разоў за дзень так падняўся і спусціўся».

Заробак беларуса задавальняе, а вось уставаць даводзіцца вельмі рана: бывае, а шостай раніцы брыгада ўжо на аб'екце. Працуюць з панядзелка па чацвер па 10 гадзін, а ў пятніцу заканчваюць у абед. Мікалайчук жартуе, што дрэннага надвор'я ў яго цяперашняй прафесіі не бывае — затое ёсць дрэннае адзенне.

«Цяплей апрануўся — і ўсё нармальна. Часам летам нават больш шанцаў захварэць, таму што ў новабудоўлі, пакуль не ўстаноўленыя вокны, можа быць вельмі моцны скразняк».

«Адрэналіну ў фехтаванні шмат»

Аляксандр прызнаецца, што адным фехтаваннем, калі гэта не праца трэнера зборнай, у Польшчы сям'ю не пракорміш. Але, працуючы ў будаўнічай кампаніі, пра фехтаванне не забывае. Акрамя ўдзелу ў ветэранскіх турнірах, дзе ён зараз выступае за Польшчу, трэніруе групу аматараў.

«Сабраліся ўпершыню ў верасні — дзякуй сарафаннаму радыё. З тых часоў трэніруемся ў клубе па суботах. Фехтуем на рапірах. Да мяне стабільна ходзяць 10‑12 чалавек з Беларусі і Украіны. Калі будзе больш, адкрыю другую групу. Карыстаючыся з выпадку, усіх запрашаю».

Беларус лічыць фехтаванне «ўнікальным відам спорту».

«Па-першае, гэта рухальная актыўнасць. Па-другое, ты, як у шахматах, пастаянна пралічваеш намеры апанента. І ўсё гэта трэба рабіць максімальна хутка, інакш супернік апярэдзіць цябе і нанясе ўкол. Эмоцый, адрэналіну ў фехтаванні шмат».

Мікалайчук кажа, што ў Кракаве ў яго пашырылася кола зносін у параўнанні з Мінскам.

«Пастаянна ўдзельнічаю ў нейкіх актыўнасцях, сустракаюся з новымі знаёмымі. У Кракаве хапае беларусаў: і былыя палітвязні, і свабодныя спартсмены, якія не маўчалі ў 2020-м. Жыццё так павярнулася, што з некаторымі пазнаёміўся зусім нядаўна і пачуў шмат цікавых гісторый».

Чытайце таксама:

«Раніца — у школе, потым — гатэль». Знакаміты беларускі лыжнік расказаў, як жыве ў польскім Закапаным

Топавы беларускі валейбаліст уладкаваўся настаўнікам фізкультуры ў Польшчы

«Саня, глядзі, як трэба прыгожа сыходзіць». Кацярына Сныціна — пра тое, чым будзе займацца пасля завяршэння баскетбольнай кар'еры

Каментары да артыкула