Захарава па-хамску пракаментавала абрынанне вежы ў Рыме. Італьянцы ў адказ паабяцалі ўзмацніць падтрымку Украіны
Прэс-сакратарка МЗС РФ Марыя Захарава, афіцыйна каментуючы інфармацыю пра абвальванне часткі сярэднявечнай вежы Торэ-дэі-Конці ў Рыме, звязала гэта з ваеннай падтрымкай Рымам Украіны, заявіўшы, што «пакуль італьянскі ўрад будзе працягваць марнаваць грошы падаткаплацельшчыкаў, Італія, ад сваёй эканомікі да сваіх вежаў, цалкам разваліцца». Італьянцы абурыліся.
Марыя Захарава. Фота: МЗС Расіі
Міністр замежных спраў Італіі Антоніа Таяні 4 лістапада заявіў расійскаму дыпламатычнаму прадстаўніку, што абразы з боку Расіі на адрас Італіі толькі ўзмоцняць падтрымку Рымам Украіны, паведамляе агенцтва ANSA.
Паведамляецца, што пасол Расіі ў Італіі Аляксей Парамонаў быў выкліканы Міністэрствам замежных спраў Італіі ў Рыме ў панядзелак для афіцыйнага выказвання пратэсту супраць каментароў Марыі Захаравай. Сам расійскі пасол у МЗС не з'явіўся, адправіўшы замест сябе намесніка кіраўніка місіі.
Дыпламату быў выказаны афіцыйны пратэст, а «вульгарныя словы прэс-сакратаркі МЗС Расіі Захаравай былі аспрэчаныя».
Міністэрства замежных спраў Італіі заявіла, што
«не зменіць сваёй знешнепалітычнай пазіцыі або сваіх настрояў з-за безразважных слоўных нападак. Усе агрэсіўныя заявы Расіі толькі падмацоўваюць перакананне італьянскага народа ў тым, што яны абараняюць тых, хто падвяргаецца нападу, у незаконным і неапраўданым акце агрэсіі, які парушае міжнароднае права».
Падчас учарашняга абвалу вежы Торэ-дэі-Конці, якая праходзіла рэстаўрацыю, загінуў адзін чалавек. Румынскага 66‑гадовага рабочага Актая Страічы 11 гадзін ратавалі з-пад завалаў. Доўгі час ён быў у свядомасці і камунікаваў з ратавальнікамі, але памёр па дарозе ў бальніцу, нягледзячы на намаганні медыкаў. Акрамя яго, пацярпелі яшчэ трое рабочых.
Чытайце таксама:
У цэнтры Рыма двойчы абвалілася гістарычная вежа Конці
МЗС Расіі запатрабавала ад Польшчы не закрываць мяжу з Беларуссю і намякнула на наступствы
Марыя Захарава прапанавала стварыць «міжнародны дзень барацьбы з русафобіяй»