Расія ўсё праглынае: выручка мясных і малочных заводаў ставіць рэкорды
На партале фінансавага рынку з’явілася справаздачнасць Тураўскага малочнага камбіната і Брэсцкага мясакамбіната за студзень-верасень 2025 года. Бухгалтэрыя гэтых прадпрыемстваў паказвае трэнд і дазваляе скласці ўяўленне аб сітуацыі на іншых падобных прадпрыемствах. Калі сцісла, то рынкавая сітуацыя надзвычай спрыяльная для беларускіх мяса– і малаказаводаў, бо рост цэнаў у Расіі (на малочныя вырабы па розных катэгорыях да 34%, на вырабы са свініны па асобных катэгорыях да 30%) без адпаведнага скарачэння попыту дазваляе крута зарабляць на экспарце, адначасова нарошчваючы адгрузкі і павышаючы цэны.
Вось як гэта выглядае на лічбах.
Выручка Тураўскага малочнага камбіната за 9 месяцаў 2025‑га — 467 мільёнаў беларускіх рублёў (у 2024‑м за той жа перыяд было 394 мільёны), з гэтай выручкі 79,4% атрымана ў замежнай валюце. Іншымі словамі, гэта прыкладная доля паставак у Расію, пастаўкі ў астатнія краіны ў гэтай суме будуць хібнасцю.
Валавы прыбытак Тураўскага малочнага камбіната за год вырас у паўтара разы (з 69 мільёнаў да 110 мільёнаў рублёў), а чысты прыбытак — ажно ў тры разы (з 11 мільёнаў да 39 мільёнаў).
Чытайце таксама: «Савушкаў прадукт» ад пачатку года атрымаў рэкордныя $135 мільёнаў чыстага прыбытку
Што з мясам? Брэсцкі мясакамбінат перакрочыў мільярд у абароце, яго выручка: 1,075 мільярда рублёў за дзевяць месяцаў 2025‑га (летась за той жа перыяд было 871 мільён).
Валавы прыбытак завода ад пачатку 2025 года — 140 мільёнаў рублёў, а чысты — 33 мільёны (за тры кварталы 2024‑га было 48 мільёнаў).
Такая несувымернасць прыбытку да выручкі бярэцца з таго, што завод — вялікі пастаўшчык на ўнутраны рынак, на якім складана зарабляць праз рэгуляванне цэн.
Ніжэйшыя цэны на беларускім рынку фактычна субсідуюцца расійскімі пакупнікамі: з больш чым мільярднай выручкі 387 мільёнаў рублёў атрымана ў замежнай валюце (перадусім прададзена ў Расію). Летась у гэтай графе было толькі 205 мільёнаў.