БЕЛ Ł РУС

У Беларусі плануюць істотна зменшыць суму падарункаў, якая не абкладаецца падаткамі

4.11.2025 / 14:31

Nashaniva.com

Пакуль што можна атрымліваць ад сяброў амаль 4000 даляраў у падарунак на працягу года і не плаціць з гэтага падатак. А як будзе пасля змен?

Ілюстрацыйны здымак. Фота: Lookby.media

Законапраект аб унясенні зменаў у Падатковы кодэкс прадугледжвае амаль двухразовае змяншэнне сумы падарункаў, за якую не трэба плаціць падаткі.

Што зменіцца?

Цяпер падарункі на суму да 11 516 рублёў (каля 3800 даляраў паводле цяперашняга курсу) на год падаткам не абкладаюцца.

Паводле законапраекта, гэтую суму хочуць зменшыць да 6000 рублёў (каля $2000).

Сума, якая перавышае вызначаныя ліміты, абкладаецца падаходным падаткам у памеры 13%.

Фармальна, калі на вяселле, юбілей ці проста так сябры за год (падарункі ад блізкіх сваякоў у гэтую суму не ўлічваюцца) падарылі вам 10 тысяч рублёў, то цяпер плаціць з іх нічога не трэба, а калі змены прымуць, то давядзецца плаціць падатак з 4000 рублёў.

На практыцы гэта, канешне, наўрад ці так працуе, бо адсачыць падораную суму амаль немагчыма, паколькі звычайна ўсе дораць наяўныя.

Людзі рэдка дэкларуюць грошы, якія ім падарылі.

«Хіба толькі ў выпадках, калі чалавеку трэба неяк адбяліць свае даходы, заплаціўшы адносна невялікі падатак з сумы, якая перавышае ліміт», — тлумачыць былы падаткавік.

Чаму ўводзяць такія змены?

На яго думку, дзяржава хоча істотна зменшыць гэтую лічбу ў межах агульнай барацьбы з ценявымі даходамі і зарплатамі ў канвертах. Што ў прынцыпе з’яўляецца агульнасусветнай практыкай.

«Выглядае, што гэта робіцца дзеля таго, каб людзям стала складаней апраўдвацца перад падатковай, калі пры праверцы высветліцца, што іх выдаткі перавышаюць даходы», — тлумачыць суразмоўца.

Таксама важна разумець, што разам са змяншэннем сумы, якая не абкладаецца падаткам, калі размова ідзе пра падарункі, у падатковай знізіцца планка, пасля якой можна пачынаць цікавіцца чалавекам, чые выдаткі перавышаюць афіцыйныя заробкі.

Напрыклад, чалавек набыў сабе нерухомасць або аўтамабіль, якія наўрад ці можа сабе дазволіць праз нізкі заробак.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

І хоць падарункі ад сваякоў не маюць лімітаў, спісаць усё на іх немагчыма, бо калі сумы вялікія, то падатковая ўжо зацікавіцца сваякамі — адкуль у іх такія грошы. У дадатак, блізкія сваякі ёсць не ва ўсіх, ды і іх колькасць, у адрозненне ад сяброў, усё адно абмежаваная.

«Таму прадуманыя людзі маглі рабіць так, што нібыта энную суму грошай ім дарылі сваякі, а яшчэ, напрыклад, па 9—10 тысяч рублёў штогод атрымлівалі падарункамі ад сяброў», — дзеліцца былы падаткавік.

Цяпер жа, калі сума падарункаў, якая не абкладаецца падаткам, будзе зменшаная практычна ўдвая, рабіць падобныя махінацыі стане больш складана.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула