Успаміны Бэлы Шагал паказваюць нечаканы Віцебск. І раскрываюць яшчэ адну таямніцу карцін Шагала
«Я не разумею: ён хоча нешта сказаць — ці ўкусіць мяне сваімі белымі вострымі зубамі?» — згадвала Бэла першую сустрэчу з Маркам Шагалам.
Кніга праілюстравана малюнкамі Марка Шагала, якія ён адмыслова рабіў да ўспамінаў Бэлы. Фота: «Наша Ніва»
Бэла Шагал запісала свае ўспаміны на ідышы. «Нязграбнай роднай мовай, на якой я, бадай, і не гаварыла з таго часу, як пакінула бацькоўскі дом». У 2025‑м выйшаў пераклад на беларускую дзвюх яе кніг — «Запаленыя свечкі» і «Першая сустрэча» — разам з малюнкамі.
Бэла была з заможнай і вельмі артадаксальнай яўрэйскай сям’і — з любавіцкіх хасідаў. Яе бацька Шмуэл-Ноах Розэнфельд быў талмудыстам. Пэўны час ён узначальваў пачатковую школу для бедных дзяцей. Маці Фрыда (усе звалі яе Алта) — дачка багатага віцебскага купца.
Бэла Шагал
Фрыда кіравала дзвюма ювелірнымі крамамі. Цікава, што адна з касірак, якая жыла ў іншым канцы горада, на працу ўжо тады дабіралася на трамваі. Першы ў Беларусі трамвай з’явіўся акурат у Віцебску ў 1889 годзе.
Крамы гэтыя ў 1919 ці 1920 годзе закрылі чэкісты і рэквізавалі адтуль усе каштоўнасці.
Была ў сям’і і крама гадзіннікаў — яны асабліва заварожвалі маленькую Башаньку (так ласкава называлі Бэлу ў дзяцінстве).
Сям’я Розэнфельд жыла ў вялікім доме купца Вітэнберга — здымала амаль увесь паверх аднаго крыла. Асноўную ж частку гэтага будынка займала гасцініца. Дом гэты знаходзіўся на цяперашняй вуліцы Леніна, там дзе стаіць помнік князю Альгерду.
У сям’і расло васьмёра дзяцей. Бэла — самая малодшая (але пра гэтую загадку з узростам пазней). Трымаць парадак у доме дапамагалі кухарка і служанка.
Успаміны Бэлы пра дзяцінства пагружаюць ва ўтульны, містычны і араматны свет.
Ні ў якім разе не чытайце кнігу на галодны страўнік! Шмат успамінаў там прысвечана традыцыйнай яўрэйскай ежы. Кухарка Розэнфельдаў то выпякае традыцыйную яўрэйскую халу (са здобнага цеста ў выглядзе пляцёнкі), то смажыць на гусіным тлушчы латкес (знаймыя нам дранікі ў яўрэяў былі традыцыйнай стравай на Хануку), то гатуе тэйглах (падсушаныя шарыкі цеста, звараныя ў мёдзе і пасыпаныя макам ці карыцай).
«Бэла ў белым каўнерыку» Марка Шагала, 1917
З Шагалам Бэла пазнаёмілася ў 1909 годзе. Яна згадвае, што ў той дзень забегла да сяброўкі Тэі Брахман, з якой не бачылася ўсё лета, каб расказаць усё, што з ёй здарылася за гэтыя месяцы. Тэа чамусьці ўвесь час пачувала сябе няёмка і чырванела. Аказалася, у кабінеце яе бацькі хаваўся малады чалавек — Шагал. Тэа была прагрэсіўная дзяўчына, у адрозненне ад рэлігійнай Бэлы, і голая пазіравала будучаму мастаку. Але таго ачаравала Бэла. Самой жа Бэле ў памяць урэзаліся вочы Марка (нябесна-блакітныя, выцягнутыя, як зярняты мігдалу) і яго зубы.
«Я не разумею: ён хоча нешта сказаць — ці ўкусіць мяне сваімі белымі вострымі зубамі?»
Тэа Брахман і Бэла Розенфельд
Аднойчы ўвечары ў пятніцу Бэла ўгаварыла брата пайсці разам у кафэ па сэльтарскую ваду — гэта мінеральная вада нямецкай маркі Selters. Нечакана яны сустрэлі Шагала. Бэла ўнутры ўся трымцела.
«Мне канец! Да мяне падышоў нейкі хлопец і без цырымоніі павітаўся, быццам мы з ім даўно знаёмыя. І дзе? На іншым канцы горада, сярод ночы! Божа мой, што цяпер будзе? Проста так гэта не скончыцца. (…) Брат лічыць, што я не такая, як астатнія дзяўчаты. Не боўтаюся абы-дзе, хаджу на заняткі разам з сяброўкамі, ён ведае іх усіх, бо яны заўсёды тыя самыя. А калі дарогай сустракаюцца іхнія браты, то не спыняюся».
Бэла пісала, што новы знаёмец зводзіць яе з уму-розуму. А яна, бадай, і сама шукала гэтай сустрэчы.
«Наляцеў як бура, хвастануў сваімі калючымі словамі ды забраў мае спакойныя дзянёчкі».
Марк і Бэла Шагал, 1923 год. Фота: Hugo Erfurth / christies.com
Ва ўспамінах Бэла апісвае, як Шагал пісаў карціну «Дзень народзінаў». Яна ў той дзень, сама вылічыўшы дату, прынесла яму ахапак кветак.
«Ты накідваешся на палатно так, што яно ажно трасецца, стукаеш пэндзлямі, ліеш фарбы — чырвоную, сінюю, белую, чорную. Мяне нясе іхнім патокам. Раптам я адрываюся ад зямлі, ты таксама адштурхоўваешся ад яе нагой. Табе зацесна ў гэтым пакойчыку.
Выцягнуўшыся на ўвесь рост, ты ўзносішся ўвышыню, да столі. Твая галава круціцца. Прыціснуўшыся да майго вуха і нешта зашаптаўшы, ты закружыў галаву і мне».
«Дзень народзінаў» Марка Шагала, 1915 год
Мова Бэлы вельмі вобразная. Кудзёркі Шагала нагадваюць ёй маленькія бэйглы, гадзіннікавы майстар у краме пінцэтам сціскае гадзінніку сэрца, а маленькая зорка ў цямрэчы неба плешчацца маленькай рыбкай. Віцебск вясной, калі разліваецца Заходняя Дзвіна, яна апісвае так: «Горад разам з усімі дамамі, дахамі, вокнамі адарваўся ад зямлі і, бы на колах, пераехаў у раку».
У кнізе, дарэчы, не шмат пра Шагала (расчарую тых, хто спадзяваўся пабачыць яшчэ адну біяграфію мастака). Але шмат пра Віцебск пачатку XX стагоддзя і пра яўрэйскія традыцыі. Пра Беларусь, якую мы не засталі. Бо ў пачатку мінулага стагоддзя палову насельніцтва Віцебска складалі яўрэі.
Бэла расказвае, як яе маці хадзіла ў парыку (замужнім жанчынам-верніцам валасы можна было паказваць толькі мужу), а яна сама не ведала, калі яе дзень народзінаў (бо ў яўрэяў не прынята адзначаць гэта свята). Дакладная дата нараджэння Бэлы і сёння невядомая. Можна сустрэць і 1889, і 1890, і 1892 год. На яе помніку — наогул 1895. Ва ўспамінах Бэла піша: мама сказала, што я нарадзілася на Хануку.
«Я праверыў усе магчымыя даты Ханукі. Яны не супадаюць ні з адной магчымай датай. Праверыў на некалькі гадоў раней, на некалькі гадоў пазней — гэта ўсё чыстая фантастыка», — расказваў на фестывалі «Прадмова» перакладчык Ігар Крэбс, дзякуючы якому гэтыя ўспаміны выйшлі па-беларуску.
Ігар Крэбс спецыяльна вывучыў ідыш для перакладу ўспамінаў Бэлы. І выпісаў больш за 200 слоў на ідышы, якія беларусам не трэба тлумачыць. Bulbe (бульба), cibele (цыбуля), servetkes (сурвэткі), kanape (канапа), šušken (шушукацца), pustapas (пустапас)… І нават šuflod — шуфлядка!
Бэла памерла ў Нью-Ёрку ў 1944 годзе ад сэпсісу. Яе ўспаміны выйшлі толькі пасля яе смерці. Адна з галоўных прычын, чаму яна рабіла нататкі, дзяліўся Крэбс, — спроба захаваць свет свайго дзяцінства і Віцебск, які яна згубіла назаўсёды. Іншая прычына — яны разам з мужам стваралі прыгожы міф пра закаханую пару.
Марк, Бэла і іх дачка Іда, 1927
Гэтая кніга тлумачыць, чаму Бэла была музай для Шагала. Ці не проста музай?
«Я вам скажу, я шакаваная: Бэла не толькі істотна зрэдагавала Маркава «Маё жыццё», перакладаючы з расейскай на французскую (у яе варыянце мы і ведаем кнігу, стылі іх ну такія блізкія!).
Склалася ўражанне, што і мастацкая творчасць у іх была на дваіх, што жонка насамрэч была не музай, а суаўтаркай жывапісных вобразаў (праз рускі пераклад мне гэта ўвогуле не адчувалася). У яе ўсё жывое, яркае, лётае, рухаецца!» — дзеліцца ў фэйсбуку гісторык Паўліна Скурко.
«Самавар астывае, і цяпер гэта цела без душы, страшна зазіраць у ягонае масянжовае чэрава, успамінае Бэла. Крэсла стогне разам з нявестай, абдымае яе заплаканую высокімі падлакотнікамі. А марожаншчык падобны да ажылай белай гары, засыпанай снегам. Усе гэтыя людзі, рэчы, якія яна апісала, а ён намаляваў…» — заўважыла Паўліна Скурко.
«Мае сшыткі…» — былі апошнія словы Бэлы. Цяпер іх можна прачытаць і па-беларуску.
Бэла Шагал. Запаленыя свечкі. — Вільня: Пфляўмбаўм, 2025