БЕЛ Ł РУС

Беларускаму футбольнаму трэнеру, які прайграў 8 з 9 апошніх матчаў, плацяць у Расіі па 60 тысяч еўра на месяц

3.11.2025 / 22:14

Nashaniva.com

Але і выгнаць не могуць, бо тады давядзецца заплаціць Аляксею Шпілеўскаму 800 тысяч еўра няўстойкі.

Аляксей Шпілеўскі

37‑гадовы беларускі галоўны трэнер клуба «Пары НН» з расійскага Ніжняга Ноўгарада Аляксей Шпілеўскі зарабляе 60 тысяч еўра на месяц.

Як сцвярджае інсайдар Іван Карпаў, непасрэдна заробак у беларуса — 57 800 еўра, але яшчэ 2200 еўра яму плацяць на арэнду кватэры.

Пад кіраўніцтвам Шпілеўскага «Пары НН» ідзе на апошнім месцы ў чэмпіянаце Расіі. Каманда прайграла 8 з 9 апошніх матчаў, аднак выгнаць трэнера не так і проста.

У кантракце прапісана, што калі пры цяперашніх выніках трэнера звальняюць да Новага года, то яму павінны будуць заплаціць 800 тысяч еўра няўстойкі. Калі пасля Новага года — прыкладна 240 тысяч еўра.

Аляксей Шпілеўскі ўзначаліў «Пары НН» у чэрвені 2025 года пасля таго, як адтуль быў звольнены іншы беларускі трэнер — Віктар Ганчарэнка. Перад гэтым Шпілеўскі тры гады ўзначальваў кіпрскі клуб «Арыс» з Лімасола, з якім дабіўся немалых поспехаў. Пад яго кіраўніцтвам «Арыс» у 2023 годзе ўпершыню ў гісторыі стаў чэмпіёнам Кіпра, а пасля прабіўся ў групавы раўнд Лігі Еўропы. У тым жа 2023 годзе Шпілеўскі быў прызнаны найлепшым трэнерам чэмпіянату Кіпра.

Чытайце таксама:

Трэнер «Арыса»: Прабачце, я таксама беларус, мне горка, крыўдна за сваю краіну

«На матчы хадзіла 50 чалавек, а цяпер 4000». Як беларусы перарадзілі футбольную каманду на Кіпры і зрабілі яе чэмпіёнам і эканамічным поспехам

Віктар Ганчарэнка расказаў, ці гатовы ўзначаліць нацыянальную зборную

Каментары да артыкула