Стартуе кінафестываль «Паўночнае ззянне». У праграму дадаліся і ўкраінскія фільмы — іх можна паглядзець анлайн
Паказы анлайн бясплатныя.
Кадр з фільма «Мой любы Тэа»
Стартуе XI кінафестываль «Паўночнае ззянне». 3‑5 лістапада фільмы з праграмы будуць паказваць у Вільнюсе, 6‑9 лістапада — у Варшаве, 10 лістапада пачнуцца online-паказы, а 19‑20 лістапада кінасеансы пройдуць у Таліне. Фестываль працягнецца да 23 лістапада.
Падрабязней пра тое, якія фільмы будуць у міжнароднай праграме, можна пачытаць тут. А тут анонс беларускага кіно, якое пакажуць на фестывалі.
На «Паўночным ззяннні» пакажуць таксама два фільмы з праграмы «Ukraine mon amour». Што за яны?
«Мой любы Тэа»
2024, Польшча, Украіна, Чэхія
13 лістапада — online з 00:00 да 23:59 па Мінскім часе
Украінская добраахвотніца, рэжысёрка і маці Аліса Каваленка зняла дакументальны фільм пра франтавыя будні і паэтычныя лісты свайму маленькаму сыну Тэа.
Фільм ад першай асобы прапануе глыбокі і інтымны погляд на чалавечую цану вайны і сувязі паміж бацькамі і дзецьмі, якія захоўваюцца нават у самых цяжкіх абставінах.
«Стужка часу»
Украіна, Люксембург, Нідэрланды, Францыя
22 лістапада — online з 00:00 да 23:59
Захаванне школ ва Украіне — спроба ўзнавіць хаця б частку нармальнага жыцця, якое было да поўнамаштабнай вайны, да 24 лютага 2022 года. Без інтэрв'ю, апавядання і рэканструкцый фільм Кацярыны Гарнастай «Стужка часу» дае ўяўленне пра тое, як вайна ўплывае на паўсядзённае жыццё вучняў і настаўнікаў. Фільм мае мазаічную структуру: ён даследуе, як школа функцыянуе ужывую і ў інтэрнэце ў жудасны час на перадавой і па-за ёй, як паўсядзённае жыццё пераплятаецца з заўсёднаю небяспекаю.
Сусветная прэм'ера фільма адбылася на Берлінскім кінафестывалі 2025 года, яго паказалі ў асноўным конкурсе.
Каб глядзець фільмы online бясплатна, трэба толькі зарэгістравацца на платформе кінафэсту. Доступ да стужак адкрыецца згодна з раскладам, з 10 лістапада.
Чытайце таксама:
9 беларускіх фільмаў, якія можна будзе пабачыць у лістападзе