Турцыя стала купляць менш расійскай нафты
Гэта здарылася пасля новых санкцый.
Найбуйнейшыя нафтаперапрацоўчыя заводы Турцыі сталі купляць менш расійскай нафты пасля апошніх заходніх санкцый супраць Расіі, паведамляе Reuters.
Адзін з найбуйнейшых турэцкіх нафтаперапрацоўчых заводаў, SOCAR Turkey Aegean Refinery (STAR), які належыць азербайджанскай кампаніі SOCAR, нядаўна купіў чатыры партыі сырой нафты з Ірака, Казахстана і іншых нерасійскіх вытворцаў з пастаўкай у снежні.
Гэта ад 77 000 да 129 000 барэляў у дзень (б/д) у залежнасці ад памеру грузу.
Яшчэ ў кастрычніку і верасні практычна ўся нафта, якую перапрацоўваў STAR (гэта каля 210 000 б/д), была расійскай.
Іншы буйны турэцкі нафтаперапрацоўшчык — Tupras (TUPRS.IS) — павялічвае закупкі нафты з Ірака.
Tupras, які валодае двума буйнымі нафтаперапрацоўчымі заводамі ў Турцыі, верагодна, хутка цалкам спыніць імпарт расійскай сырой нафты на адным з гэтых заводаў, каб мець магчымасць працягваць экспарт паліва ў Еўропу, не парушаючы новыя санкцыі ЕС. Але кампанія будзе працягваць перапрацоўку расійскай сырой нафты на іншым заводзе.
Паводле Kpler, Турцыя плануе атрымаць 141 000 б/д іракскай сырой нафты ў лістападзе, у параўнанні з 99 000 б/д у кастрычніку і 80 000 б/д у сярэднім за гэты год.
Турцыя — буйны пакупнік расійскай сырой нафты, нароўні з Кітаем і Індыяй. Усяго Турцыя імпартавала каля 669 000 б/д сырой нафты са студзеня па кастрычнік, з якіх 317 000 б/д, або 47%, было з Расіі.