У Адэсе здарыўся скандал з-за рэпераў з Беларусі
Рускамоўны трэк «Гламур» гурта, які робіць кар'еру ў Маскве, уключылі ў начным клубе.
Праверка ў клубе Palladium. Фота: сацсеткі
У Адэсе здарыўся скандал з-за музыкі па-руску ў клубе. 31 кастрычніка ў клубе Palladium дыджэй уключыў песню «Гламур». Гэта папулярны трэк гурта Nkeeei — маладых рэпэраў з Беларусі, якія робяць цяпер кар'еру ў Маскве (Мікіта Карабыка і Ягор Юніцкі родам з Баранавіч, Арцём Шылавец з Мінска).
У зале было больш чым 1000 чалавек, многія падпявалі.
З гэтай нагоды выказаўся кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер.
«Ніякай рускай музыкі — ні ў клубах, ні ў іншых публічных месцах! Адэса — горад, які амаль кожны дзень пакутуе ад расійскіх нападаў. І ў гэты час у начным клубе ўключаюцца песні расійскіх выканаўцаў. І гэта на чацвёртым годзе поўнамаштабнай вайны.
Пакуль нашы абаронцы аддаюць сваё жыццё, хтосьці забаўляецца пад саўндтрэкі краіны-агрэсара, пагарджаючы памяццю пра загінулых».
Ва Украіне дзейнічае забарона публічна выконваць ці ўключаць музыку, звязаную з Расіяй.
Кіпер таксама даручыў адпаведным дэпартаментам адміністрацыі разабрацца ў сітуацыі. «Арганізатары павінны растлумачыць, як такое наогул стала магчымым у горадзе, які афіцыйна прызнаны тэрыторыяй баявых дзеянняў. Адэса — украінскі горад. Хто забыўся — нагадаем».
Вядома, што 1 лістапада ў клуб ужо прыйшлі з праверкай.