БЕЛ Ł РУС

Як выглядае мост паміж вуліцай Маскоўскай і плошчай Незалежнасці, які адкрылі сёння

1.11.2025 / 15:37

Nashaniva.com

Рух па пуцеправодзе паміж праспектам Незалежнасці і вуліцай Маскоўскай адкрылі 1 лістапада а 2:00. Што змянілася, пішуць Мінск-навіны.

Рамонт пуцеправода пачалі 8 лютага 2025‑га і завяршылі датэрмінова, хоць першапачаткова планавалі скончыць да канца года.

Па словах намесніка старшыні Мінаблвыканкама Алега Корзуна, падчас правядзення работ асаблівую ўвагу надавалі мінімізацыі нязручнасцяў для жыхароў сталіцы. Як расказаў дырэктар «Гардарбуда» Сяргей Панёў, рамонтавалі пуцеправод з выкарыстаннем метаду надсоўвання металічнай пралётнай канструкцыі.

— Усё сабралі на прылеглай тэрыторыі, надсунулі сучаснымі метадамі па слізгаючых апорах, апусцілі з вышыні амаль 4,5 метра на рабочую адзнаку. Гэта не новыя тэхналогіі, але ў сталіцы яны ўжываюцца ўпершыню, — патлумачыў дырэктар «Гардарбуда».

Каб укласціся ў тэрміны, давялося арганізаваць працу ў кругласутачным рэжыме і аператыўна вырашаць спадарожныя пытанні. Акрамя таго, былі задзейнічаны ўсе камунальныя прадпрыемствы горада. У выніку — запланаванае ўдалося выканаць за дзевяць месяцаў.

Як адзначаў С. Панёў, пуцеправод быў выпрабаваны: адначасова па ім рухаліся дзевяць загружаных «МАЗаў» (пад 30 т). Вынік — збудаванне вытрымала нагрузку, ёсць пэўны запас трываласці.

Схема руху ніяк не змянілася: дзейнічаюць чатыры паласы (па дзве ў кожным напрамку). Дарэчы, у напрамку «Мінск-Света» ёсць два дарожныя знакі: адзін папярэджвае аб магчымасці аварыі, другі паведамляе, што дапушчальная хуткасць руху не больш за 50 км/гадзіну. З двух бакоў арганізаваны зоны для пешаходаў. На тратуарную плітку заменена пакрыццё пешаходных сувязяў, абноўлена ўся інфраструктура. Вонкавае асвятленне і ілюмінацыю зрабілі святлодыёднымі — у цёмны час сутак можна будзе палюбавацца прыгожай падсветкай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула