Пратасевіч пацвердзіў, што ён сапраўды разведчык
Пасля таго, як Лукашэнка падчас візіту ў Лепельскі раён згадаў, што Раман Пратасевіч нібыта з'яўляецца даўнім супрацоўнікам беларускай разведкі, з'явіліся ахвотныя даведацца, ці так гэта, у яго самога.
Раман Пратасевіч. Скрыншот з відэа Людмілы Гладкай
Першай з Раманам Пратасевічам па відэасувязі звязалася рэжымная прапагандыстка Людміла Гладкая. У кароткай размове з ёй Пратасевіч паведаміў, што
«безумоўна, я пацвярджаю словы прэзідэнта, я пацвярджаю словы Аляксандра Рыгоравіча», але больш нічога не сказаў, бо «сама сітуацыя не дае падстаў для нейкіх дэтальных разгорнутых інтэрв'ю».
Тое ж самае фактычна ён сказаў і расійскаму выданню «Осторожно Media»:
«Словы кіраўніка дзяржавы пацвярджаю, але па зразумелых прычынах пакуль адмоўлюся ад якіх-небудзь каментароў».
Дакладна той жа самы выраз ён капіруе ўсім іншым СМІ і блогерам, якія да яго звяртаюцца.
Перад гэтым Пратасевіч на два з паловай месяцы знік з публічнага поля. Ягоны асабісты тэлеграм-канал не абнаўляецца ад 18 жніўня.
Тэлеграм-канал з навінамі Sprava, які ствараў Пратасевіч, новыя допісы публікуе рэгулярна. Але яго даўно вядзе не Пратасевіч — рыторыка і тэмы пастоў сталі іншымі.
Адносна ягонага пацвярджэння сваёй службы ў разведцы адразу іранічна выказаўся палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман:
«У яго становішчы ён з тым жа поспехам мог бы заявіць, што з'яўляецца марсіянінам або рэптылоідам. Значна цікавей было б даведацца пра характар ягоных адносін з тэрарыстамі з ХАМАСа: бо менавіта праз пагрозы, якія паступілі ад іх імя, у Мінску быў пасаджаны самалёт з Пратасевічам на борце».
Чытайце таксама:
А дзе Пратасевіч? Ён прапаў. Яго не відаць ужо два з паловай месяцы
Лукашэнка: Раман Пратасевіч — даўні супрацоўнік беларускай разведкі
Што чуваць у Соф'і Сапегі? Вось што мы даведаліся ў яе сяброў