БЕЛ Ł РУС

Польшча прыбрала частку перашкод на памежным пераходзе «Кузніца»

31.10.2025 / 13:11

Nashaniva.com

Мяркуючы па кадрах, на польскім баку зніклі супрацьтанкавыя «вожыкі».

Польшча, верагодна, прыбрала частку загарод на памежным пераходзе «Кузніца» («Брузгі» — з беларускага боку), паведаміў тэлеграм-канал «Наша граніца».

На анлайн-камеры ДПК на ўезд у Беларусь з боку Польшчы ўсё яшчэ бачныя загароды, але іх стала менш у параўнанні з кадрамі, якія былі апублікаваны ў сакавіку 2023 года.

Мяркуючы па кадрах, на польскім баку зніклі супрацьтанкавыя «вожыкі».

Учора прадстаўнік урада Польшчы Адам Шлапка паведаміў, што дасягнута дамоўленасць адкрыць памежныя пераходы «Кузніца» і «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы прыкладна ў сярэдзіне лістапада.

Паводле яго слоў, да такой дамоўленасці прыйшлі прэм'ер— міністр Польшчы Дональд Туск і прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене.

Ён дадаў, што адкрыццё памежных пераходаў з Беларуссю планавалася ажыццявіць раней, аднак літоўскі бок у размове з прэм'ерам Тускам узняў пытанне напружанасці на сваёй мяжы. У сераду Літва закрыла мяжу з Беларуссю да 30 лістапада.

Нагадаем, што памежны пераход у «Кузніцы» быў закрыты ў лістападзе 2021 года пасля таго, як мігранты сталі штурмаваць польскую мяжу, у «Баброўніках» — у лютым 2023 года пасля таго як журналіста Анджэя Пачобута асудзілі на восем гадоў.

На беларуска-польскай мяжы дзейнічае толькі пераход «Брэст-Тарэспаль» для легкавога транспарту ды аўтобусаў і пераход «Казловічы-Кукурыкі» для грузавога транспарту.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула