На таргі выставілі адціснутую ў заснавальніка «Байпола» кватэру. Пакупнікі зладзілі за яе сапраўдную бойку
У Мінску на таргах прададзеная аднапакаёвая кватэра, уладальнікам якой значыцца поўны цёзка Алега Талерчыка — былога супрацоўніка Генпракуратуры, які раней быў членам ініцыятывы «Байпол».
Знайшлося сем ахвотных набыць нерухомасць, яны зладзілі сапраўдную барацьбу, заўважыла «Люстэрка».
Удзельнікі перабівалі стаўкі адзін аднаго, таму аўкцыён, які пачаўся ў 09.00 30 кастрычніка, скончыўся толькі ноччу 31-га. Аб’ява пра продаж нерухомасці з’явілася на анлайн-пляцоўцы «БелЮрЗабеспячэнне». У аб’яве было ўказана, што прадаецца аднапакаёвая кватэра агульнай плошчай 47,1 квадратнага метра. Абцяжарванне — арышт следчых органаў, забарона здзяйснення рэгістрацыйных дзеянняў.
Пачатковы кошт нерухомасці — 174 тысячы рублёў. У выніку яе прадалі за 229 680 рублёў. Прычым таргі пачаліся ў 09.00 30 кастрычніка, а скончыліся ўжо ноччу 31-га. Удзельнікі аўкцыёну пастаянна перабівалі стаўкі адзін аднаго.
Даўжніком быў пазначаны Талерчык Алег Мікалаевіч. Гэта поўны цёзка былога супрацоўніка Генпракуратуры і былога члена ініцыятывы «Байпол» Алега Талерчыка.
У лютым 2024 года яму па справе «Байпола» прысудзілі 12 гадоў пазбаўлення волі са штрафам у 40 тысяч рублёў. Маёмасць Талерчыка — ізаляванае памяшканне ў Мінску і аўтамабіль — тады пакінулі пад арыштам. Былога сілавіка абвінавацілі, у тым ліку ў тым, што ён «здзейсніў дзеянні для захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».