Юрконіс пра закрыццё межаў: Давайце не думаць яшчэ пра Пецю з Баранавіч, які хоча зарабіць дзесьці там у Беластоку
Некаторыя беларусы, маўляў, наракаюць: закрыццё літоўска-беларускай мяжы не моцна закранае інтарэсы Лукашэнкі, але шкодзіць простым беларусам. Ці думаюць пра гэта літоўскія ўлады? «Белсат» задаў гэтае пытанне дацэнту Інстытута міжнародных адносінаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэта, кіраўніку «Фрыдам Хаус» Віцісу Юрконісу.
Нельга сказаць, што ўлады Літвы не думаюць пра беларусаў. Тых, каму патрэбная дапамога, у краіну ўпусцяць, кажа Віціс Юрконіс.
Ён нагадаў, што Літва не цалкам закрыла мяжу, а зрабіла мноства выключэнняў: для дыпламатаў; спрошчанага транзіту; вяртання грамадзянаў Літвы, краін Еўрасаюза, Еўрапейскай эканамічнай зоны і NATO; членаў іх семʼяў; замежнікаў з літоўскім відам на жыхарства або гуманітарнымі візамі.
Да прыкладу, праз «Меднікі» у Беларусь ідуць медыкаменты, якіх не вырабляюць у Беларусі, і іх прапускаюць. Падчас пратэстаў і рэпрэсій 2020 года Літва, нягледзячы на пандэмію каранавіруса, адкрыла беларусам гуманітарны калідор.
У той жа час Юрконіс лічыць, што тыя, хто проста хоча зарабіць у Еўрасаюзе, не могуць лічыцца пацярпелымі ад закрыцця мяжы.
«Давайце перад тым, як змагацца з рэжымам і ягонай безадказнасцю, думаць яшчэ пра Пецю або Машу з Баранавічаў, якія хочуць зарабіць дзесьці там у Беластоку, так?» — абураецца Юрконіс.
Калі ўмоўна стрыечны брат экс-дэпутата Андрэя Савіных захоча паляцець да дачкі Савіных у Лондан, ці павінны яго ўпускаць, разважае далей эксперт. Ці апраўданыя абурэнні ўмоўнага працоўнага тытунёвай фабрыкі, які сваёй працай дапамагае дзейнай уладзе зарабляць на цыгарэтах? А калі абураецца ўмоўны радавы айцішнік, варта паглядзець ці не трапляе ён у спіс выключэнняў?
Тых выключэнняў шмат, і гэта ўжо, адзначае Юрконіс, выклікае пытанні ў некаторых літоўцаў.
«Давайце глядзець фундаментальна: мы хочам казаць пра тое, як вырашыць праблему або змагацца з наступствамі? У Лукашэнкі агрэсіўныя, брутальныя паводзіны ў дачыненні да сваіх грамадзянаў, агрэсіўныя ў дачыненні да суседзяў і гэтак далей».
Юрконіс пералічвае агрэсіўныя дзеянні беларускіх уладаў (інструменталізацыя міграцыі, захоп самалёта Ryanair, размяшчэнне ў Беларусі баевікоў расійскай «групы Вагнера», а цяпер яшчэ і паветраныя шары, што не даюць карыстацца аэрапортам у Вільні) і задаецца пытаннем, як на гэта рэагаваць?
Літва, нагадвае ён, ужо ўводзіла санкцыі, падавала пазовы ў міжнародныя суды, прымяняе ўніверсальную юрысдыкцыю. На ягоную думку, Літва — ледзь не адзіная краіна, якая прымяняе такі шырокі комплекс захадаў.
Суразмоўца заклікае глядзець на сукупнасць фактараў. Бо шары, якія заляцелі з тэрыторыі Беларусі, заміналі не толькі грамадзянам Літвы, але і замежнікам — верагодна, у тым ліку і грамадзянам Беларусі. Ім жа таксама было нязручна, калі аэрапорт закрываўся і самалёт не мог прыляцець у пункт прызначэння.
Не чакаць жа, пакуль праз сутыкненне з шарам з цыгарэтамі, на кантрабандзе якіх відавочна зарабляюць канкрэтныя «гаманцы» Лукашэнкі, упадзе самалёт, тлумачыць эксперт дзеянні літоўскіх уладаў.
«Можа спытайце прапагандыстаў, ці не шкада беларускаму рэжыму, што яны шкодзяць і беларускім грамадзянам? — прапануе Юрконіс.
На ягоную думку, прэтэнзіі ў закрыцці мяжы маюць быць адрасаваныя рэальным вінаватым — беларускім уладам. «Стрэлкі чамусьці пераводзіце, каму гэтае пытанне задаваць», — лічыць Віціс Юрконіс.
Ці дойдзе сігнал да Лукашэнкі?
Закрыццё мяжы — часовы сродак, і не адзіны, адзначае эксперт. Гэта сігнал Аляксандру Лукашэнку. Ён нагадвае, што Літва, калі пачаўся міграцыйны крызіс, ужо прыняла шэраг захадаў — і гэта спрацавала. Разлік робіцца на тое, што і цяпер гэта спрацуе.
Акрамя таго, нельга забываць, што гаворка ідзе пра бяспеку Літвы, працягвае эксперт. Ён упэўнены: трэба паказаць Лукашэнку, што гібрыдныя пагрозы недапушчальныя ў дачыненні да Літвы і заклікае беларусаў, грамадзянскую супольнасць і незалежныя медыя разумець, што дзеянні Літвы, Польшчы ці Еўразвязу — гэта спроба паказаць Лукашэнку «некаторыя межы».
«Альтэрнатыва гэтаму — наогул бяздзейнасць, ігнараванне гэтых праблемаў», — лічыць Юрконіс.
Калі закрыць літоўска-беларускую мяжу толькі для тавараў, дык гэтыя тавары проста пойдуць праз Латвію і Польшчу, разважае Юрконіс.
Пакуль рэжым Лукашэнкі не прызнае свайго дачынення да запуску паветраных шароў з кантрабандай. «Гэта не мы», «калі даведзяце, што гэта мы, выбачымся», кажуць у Менску. У той жа час Юрконіс лічыць гэта відавочным: маштаб і рэгулярнасць запуску шароў, «уключанасць» рэжыму Лукашэнкі ў кантрабанду тытунёвай прадукцыі ў ЕЗ, маштабны кантроль усяго ў Беларусі — усё гэта робіць заявы «мы не ведалі» не вельмі праўдападобнымі.
Суразмоўца «Белсата» абураны такім падыходам беларускай улады: «даведзяце — выбачуся». Паколькі, калі адбудзецца трагедыя, дык ніякія прабачэнні не дапамогуць.
Яго бянтэжыць тое, што самі беларусы «гатовыя змагацца з самавольствам, з тым, што іх бʼюць, крыўдзяць, катуюць», але пры гэтым пытаюцца, чаму Літва закрыла мяжу. Не Літва вінаватая ў тым, што закрытая мяжа, а рэжым Лукашэнкі, перакананы Віціс Юрконіс.
Літва ж, паўтарае ён, імкнецца падымаць пытанне пра міжнародную адказнасць Лукашэнкі, падтрымлівае дэмакратычныя сілы Беларусі і прымае беларусаў, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне.
Беларусы, якія хочуць жыць у дэмакратычнай краіне, з якой можна свабодна ездзіць за мяжу і свабодна зарабляць у іншых краінах, павінны разумець, што галоўная перашкода гэтаму — рэжым Лукашэнкі, а не дзеянні суседніх краінаў, перакананы Віціс Юрконіс. Ён просіць у першую чаргу думаць пра гэтую перашкоду і імкнуцца вырашыць гэтую праблему.
Чытайце таксама:
Віленскі аэрапорт адкрыўся а 03:30 ночы
Што сабой уяўляюць тыя метэазонды, якія прылятаюць з Беларусі ў Літву? Расказвае Бесараб