БЕЛ Ł РУС

58‑гадовай лагістцы далі калонію за каментары ў інтэрнэце і назвалі тэрарысткай

31.10.2025 / 12:15

Nashaniva.com

Юлію Зароўскую асудзілі па трох палітычных артыкулах да пазбаўлення волі. Цяпер яна за кратамі, а нядаўна яе зрабілі «тэрарысткай», што яшчэ больш ускладніць ёй жыццё ў зняволенні. Агулам цяпер за кратамі каля 200 палітзняволеных жанчын.

Юлія Зароўская. Фота з яе старонкі Укантакце

Юліі Зароўская 58 гадоў. Яна мінчанка. У апошнія гады Юлія працавала лагістам у фірме, якая оптам вырабляла і прадавала вырабы са скуры. Вядома, што ў жанчыны ёсць дзеці і ўнукі.

Мяркуючы, па сацсетках, Юлія падтрымала рух за свабодныя выбары ў 2020‑м і выступала за мір ва Украіне. Рэпосціла яна і звычайныя рэчы — прыгожыя кветкі, фота сваіх сяброў і сваякоў, здымкі з розных мерапрыемстваў.

Юлію затрымалі напрыканцы мінулага года ці ў пачатку гэтага. Увосень 2025‑га яе асудзілі ў Мінскім гарадскім судзе па трох палітычных артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 3 арт. 361‑1 КК).

Прынамсі частка абвінавачанняў звязаная з каментарамі Юліі ў інтэрнэце, дакладная сутнасць іх невядомая. Зароўскай пагражала да шасці гадоў калоніі, але і прысуд невядомы.

За апошні тыдзень яе імя дадалі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Гэта ўскладніць ёй жыццё ў калоніі — цяпер Юліі немагчыма даслаць грашовы перавод ад сваякоў. У «тэрарысты» запісалі і 65‑гадовую Наталлю Васіллеву, асуджаную за каментары ў інтэрнэце.

Самай пажылой жанчынай-палітзняволенай застаецца Сафія Бачурынская. Ёй 70 гадоў.

Цяпер за кратамі знаходзіцца не менш за 205 палітзняволеных жанчын.

Чытайце таксама:

Выхавацельку сталічнага дзіцячага садка, спецыялістку па дэфекталогіі, асудзілі за пратэсты

Дык усё ж ці бяспечны Telegram і для якіх мэтаў бяспечны? Вось што ясна на сёння

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Каментары да артыкула