БЕЛ Ł РУС

У Лодзі беларус выратаваў і вярнуў дадому жанчыну з дэменцыяй

30.10.2025 / 10:30

Nashaniva.com

Беларус у Лодзі заўважыў, што аўтамабіль едзе па зялёнай зоне, і не прайшоў міма. 

Лодзь. Фота: Lars Baron / FIFA via Getty Images

23‑гадовы беларус Аляксей (імя зменена) дапамог пажылой жанчыне з дэменцыяй у Лодзі. Пра гэта ён расказаў журналістам BGmedia.

Пасля падзей 2020 года Аляксей быў вымушаны з'ехаць з Беларусі і ўладкаваўся ў другім па велічыні горадзе Польшчы. Нядаўна ён гуляў па раёне, дзе жыве, і заўважыў чырвоны аўтамабіль, які няўпэўнена рухаўся па зялёнай зоне і спрабаваў выехаць проста на пешаходны пераход.

«Я зразумеў — нешта тут не так, падышоў да кіроўцы. Гэта аказалася пажылая жанчына. Яна спытала, як ёй даехаць дадому, і назвала адрас. У навігатары я ўбачыў, што гэта далёка, спрабаваў патлумачыць маршрут. Але яна была ў прастрацыі. Тады я прапанаваў завезці яе», — успамінае беларус.

Па дарозе жанчына некалькі разоў пыталася ў яго імя і адразу забывала адказ. Так Аляксей зразумеў, што ў яе сур'ёзныя праблемы з памяццю.

Дома згубленую жанчыну чакаў засмучаны муж — ён ужо паведаміў у паліцыю пра знікненне жонкі.

Мужчына расказаў, што яна пакутуе на дэменцыю і звычайна застаецца дома, хоць можа раптоўна паспрабаваць «паехаць да сяброў», якіх у яе няма.

Такія выпадкі здараліся не раз: раней мужчына двойчы шукаў жонку, якая заблукала ў горадзе. У гэты дзень ён збіраўся ў паліклініку, жонка папрасілася з ім. Калі ён выйшаў з паліклінікі, ні аўтамабіля, ні жонкі ўжо не было.

«Дзіўна, што яна змагла з'ехаць так далёка і пры гэтым па зялёнай зоне, не па дарозе. Яна магла пацярпець сама ці кагосьці збіць. Добра, што ўсё скончылася добра», — кажа Аляксей.

Пажылы паляк расказаў, што яны з жонкай жывуць самотна, дзяцей няма, толькі старэнькі сабака. На развітанне ён падзякаваў хлопцу за дапамогу.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула