Як беларус ператварыў старую школу ў ферму крэветак
У Ляхавіцкім раёне адкрылася першая ў краіне ферма па вырошчванні крэветак. Яе заснаваў прадпрымальнік Уладзімір Гатоўчыц, які ператварыў будынак былой школы ў вёсцы Альхоўцы ў экаферму. Цяпер сюды прыязджаюць турысты, каб на ўласныя вочы ўбачыць, як у Беларусі вырошчваюць морапрадукты, піша выданне «Першы».
Як усё пачыналася
Бізнэсмен запусціў ферму ў Ляхавіцкім раёне ў пачатку гэтага года. Да гэтага тры гады ён займаўся рэканструкцыяй старой школы: абсталяваў памяшканні, прабурыў дзве свідравіны і стварыў умовы для развядзення крэветак. У праект ён уклаў больш за мільён рублёў.
Першымі жыхарамі экафермы сталі крэветкі Розенберга, якіх прадпрымальнік прывёз з Астраханскай вобласці. А ўжо ў жніўні гэтага года ён атрымаў першае патомства з ікры, атрыманае ў беларускіх умовах. Праўда, пакуль працэс размнажэння ідзе няпроста.
«Асноўная праблема — у стварэнні і падтрыманні неабходнай экасістэмы. На рост і здароўе крэветак уплывае мноства паказчыкаў: умовы фільтрацыі, насычэнне кіслародам, абеззаражванне, тэмпература. Пры гэтым баланс трэба вытрымліваць па меры росту», — расказаў Уладзімір Гатоўчыц.
Чаму вырашылі пускаць турыстаў
Экскурсіі на ферме пачалі праводзіць у кастрычніку. Паводле слоў Гатоўчыца, спачатку ён не планаваў адкрываць вытворчасць для наведвальнікаў.
«Гэта была чыстая вытворчасць, але цікавасць людзей і працяглая адаптацыя віду да мясцовых умоў змянілі планы. З часам стала відавочна, што такую справу нельга хаваць. Мне падаецца, будзе карысна і цікава паглядзець усім. Гэта даказвае, што пры жаданні няма нічога немагчымага», — кажа фермер.
Цяпер экскурсійныя групы прыязджаюць па ўзгадненні, а для неарганізаваных турыстаў адведзеныя серада, пятніца і субота. Для наведвальнікаў стварылі спецыяльную дэманстрацыйную лінію, дзе можна ўбачыць працэс гадавання крэветак. Тут жа адкрытая невялікая кавярня, дзе частуюць бясплатнымі блінцамі з гарбатай. Астатнія стравы — за грошы. У будучыні плануецца арганізаваць дэгустацыі беларускіх крэветак.
Што далей
Паводле слоў Уладзіміра Гатоўчыца, на экаферме яшчэ не завершаны працэс размнажэння, і працы наперадзе шмат.
«Ужо ёсць ікра, шмат малькоў, але пакуль узнаўленне не такое масавае, каб ладзіць дэгустацыі без шкоды для папуляцыі», — патлумачыў ён.
Фермер разлічвае, што праз некалькі месяцаў ферма выйдзе на поўную магутнасць. Тады штомесяц тут змогуць атрымліваць да 300 кілаграмаў жывых крэветак.
У планах — развіццё турыстычнага напрамку. На ферме хочуць стварыць фотазону, выпусціць сувенірную прадукцыю, упарадкаваць кавярню і пашырыць яе асартымент. Таксама Уладзімір Гатоўчыц збіраецца праводзіць бясплатныя экскурсіі для дзяцей-сірот і людзей з інваліднасцю.
«Хочацца, каб ферма прыносіла не толькі даход, але і радасць людзям», — дадаў ён.
Чытайце таксама:
У Белаазёрску адкрылі помнік беларускай крэветцы
Мінчанка купіла кілаграм крэветак і амаль палову выкінула ў сметніцу — адны галовы
Арыне Сабаленцы давялося вячэраць крэветкамі з прычыны блэкаўта ў Іспаніі
Сям'я з Маладзечна робіць унікальныя сыры — такіх вы яшчэ не каштавалі