Былая пракурорка анексаванага Крыма Наталля «Няш-мяш» Паклонская стала Радведай
Былая пракурорка анексаванага Крыма Наталля Паклонская змяніла імя на Радведу. Пра гэта паведаміў Z-журналіст Сяргей Мардан (Ключанкоў) са спасылкай на пазоў Паклонскай аб абароне гонару, які яна да яго падала.
З чым звязаныя яе прэтэнзіі — не ўдакладняецца, паведамляе «Новая газета Еўропа».
«Відаць, былая пракурорка такім чынам разрывае ўсе сувязі з настолькі ненавісным ёй хрысціянствам. І замест імя святой мучаніцы Наталлі Нікамедыйскай будзе насіць мянушку персанажа з нейкай анлайн-гульні», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.
Сама Паклонская інфармацыю пацвердзіла, але заявіла, што дзеянні Мардана парушаюць законы аб абароне персанальных даных і «аказваюць вялікую дапамогу тэрарыстычным арганізацыям і злачыннаму ўкраінскаму рэжыму»:
«У адносінах да мяне з 2014 года здзейснены шэраг замахаў, у сувязі з чым я прымаю спецыяльныя меры. <…> Персанальныя даныя ў межах падобных мер могуць быць зменены. Іх распаўсюджанне нясе не проста тэарэтычную, а цалкам рэальную пагрозу мне і маёй сям’і <…> Раскрываючы ў парыве чарговага шоу мае пашпартныя дадзеныя, ён або не ўсведамляе наступстваў, або проста «загуляўся» ў мікрафоннага патрыёта», — напісала Паклонская.
Наталлі Паклонскай 45 гадоў. Родам яна з украінскага сяла Аляксееўка Луганскай вобласці Украіны. Ва Украіне яна працавала ў органах пракуратуры і дарасла там да старшага пракурора. У 2014 годзе, калі працавала ў Крыме, стала на бок Расіі і стала адной з найбольш вядомых калабарантак.
Неўзабаве акупацыйныя ўлады прызначылі яе пракуроркай Крыма. На самым пачатку тэрміна яна праславілася фразай «ніякіх мяш, няш я не дапушчу» — гэта стала мемам і яе мянушкай.
У 2016 Паклонскую звольнілі з пракуратуры і ўзялі ў Дзярждуму.
З пачаткам вайны ва Украіне яна трапіла ў апалу. Апошнім часам Паклонская крута змяніла імідж, зрабіла дрэды і агітуе вяртацца да славянскіх каранёў.
Фота з тэлеграм-канала Наталлі Паклонскай