БЕЛ Ł РУС

Сінод БПЦ выступіў з зваротам у сувязі з нібыта ганеннямі на Украінскую праваслаўную царкву Маскоўскага патрыярхата

29.10.2025 / 9:23

Nashaniva.com

Сінод Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага Патрыярхата выступіў з зваротам, што працягваюцца ганенні на іерархаў, святароў, манаства і свецкіх Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата.

Фота: БелТА

У звароце адзначаецца, што Сінод БПЦ з глыбокім сумам успрымае паведамленні пра тое, што працягваюцца і ўзмацняюцца ганенні на іерархаў, святароў, манаства і свецкіх УПЦ.

Сінод БПЦ заяўляе ад імя праваслаўных вернікаў Беларусі пра «ўсеагульную занепакоенасць становішчам спраў кананічнай Праваслаўнай Царквы на тэрыторыі Украіны. Але, на жаль, у цяперашні час з вялікім болем і трывогай канстатуе, што неправамерныя дзеянні супраць адзінай у краіне кананічнай Праваслаўнай Царквы працягваюцца».

Сёння ў Кіеве павінна прайсці судовае пасяджэнне, якое можа спыніць дзейнасць Кіеўскай мітраполіі УПЦ.

Улетку 2025 года Дзяржаўная служба Украіны па этнапалітыцы паведаміла, што Кіеўская мітраполія УПЦ МП (Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхата) афіцыйна прызнана афіляванай з Рускай праваслаўнай царквой, дзейнасць якой забаронена на тэрыторыі Украіны.

У маі 2022 года, неўзабаве пасля пачатку вайны, УПЦ заявіла пра сваю поўную незалежнасць і самастойнасць ад Масквы, а Сабор Украінскай праваслаўнай царквы выказаў нязгоду з пазіцыяй Маскоўскага патрыярха адносна вайны ва Украіне. Аднак пасля гэтага Дзяржслужба па этнапалітыцы ўсё роўна заявіла пра афіляванасць УПЦ (МП) з РПЦ і прадпісала мітрапаліту Ануфрыю ліквідаваць парушэнні. Але той адмовіўся гэта рабіць.

Украінская праваслаўная царква цяпер расколатая на дзве. Многія епархіі УПЦ (МП) усё яшчэ маюць сувязі з Масквой і РПЦ. У той жа час ПЦУ (Праваслаўная царква Украіны) у 2019 годзе атрымала ад Канстанцінопальскага патрыярха томас, які запусціў наданне ёй статусу аўтакефаліі і выхад з падпарадкавання Маскве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула