БЕЛ Ł РУС

У фавелах Рыа-дэ-Жанэйра адбываецца ваенізаваная паліцэйская аперацыя. Вядома пра 64 загінулых

29.10.2025 / 8:7

Nashaniva.com

Упраўленне ААН па правах чалавека заявіла, што «жахнулася» ад дзеянняў бразільскай паліцыі і заклікала правесці «хуткае і эфектыўнае расследаванне».

Фота: Silvia Izquierdo / AP

Па меншай меры 64 чалавекі загінулі ў ходзе паліцэйскай аперацыі ў паўночных прыгарадах Рыа-дэ-Жанейра, накіраванай супраць банды «Чырвонае камандаванне», піша Бі-бі-сі.

Сярод загінулых у ходзе аперацыі «Стрымліванне» ў фавэлах Алеман і Пенья — чацвёра паліцыянтаў, паведаміў губернатар штата Рыа-дэ-Жанейра Клаўдыа Кастра. Арыштавана больш за 80 чалавек. У аперацыі прымаюць удзел як грамадзянская, так і ваенная паліцыя.

Паліцэйскія сілы колькасцю каля 2500 чалавек увайшлі ў фавэлы ў аўторак раніцай, і неўзабаве ўспыхнулі сутыкненні. «Чырвонае камандаванне» (Comando Vermelho) адказала стральбой, падпаленымі барыкадамі і дронамі, якія скідаюць бомбы.

Таксама паведамляецца пра дзясяткі параненых, уключаючы цывільных асоб, якія трапілі пад перакрыжаваны агонь.

Зона фавел недалёка ад аэрапорта Рыа-дэ-Жанейра лічыцца цэнтрам аперацый адной з самых магутных крымінальных груповак у Бразіліі.

Ва ўрадзе штата кажуць, што каля 50 загінулых «пазначаны паліцыяй як падазраваныя злачынцы».

Упраўленне ААН па правах чалавека заявіла, што «прышло ў жах» ад дзеянняў бразільскай паліцыі і заклікала правесці «хуткае і эфектыўнае расследаванне».

У фавэлах — бедных і небяспечных кварталах на схілах гор — жыве каля 300 тыс. чалавек. Мясцовыя жыхары кажуць, што цяпер сітуацыя там нагадвае «зону баявых дзеянняў».

«Чырвонае камандаванне» ў апошні час пашырала сваю тэрыторыю ў штаце Рыа, наладжвала шляхі кантрабанды наркотыкаў і ўзмацняла кантроль над фавэламі.

З пачатку аперацыі «Стрымліванне» канфіскавана больш за 200 кг наркотыкаў і дзясяткі адзінак агнястрэльнай зброі, паведаміла паліцыя.

Буйнамаштабныя паліцэйскія аперацыі ў Бразіліі даволі часта праводзяцца напярэдадні вялікіх міжнародных мерапрыемстваў. У лістападзе ў горадзе Белен на поўначы краіны пройдзе кліматычны саміт ААН COP30.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула