Спецназавец з Ашмян вырашыў зрубіць бабла і завербаваўся на вайну. Цяпер у палоне называе сябе да***бам
У Беларусі Паўла Пецюлевіча звольнілі з працы за крадзеж, а ў Расіі кінулі на грошы. Ён вырашыў падзарабіць і паехаў на вайну. У выніку Пецюлевіча на першым жа баявым заданні кінулі на штурм, дзе яму пашанцавала выжыць — але трапіць у палон да ўкраінцаў.
Павел Пецюлевіч. Фота: Укантакце
26‑гадовы Павел Пецюлевіч з Ашмян. Пасля школы скончыў каледж.
З восені 2017‑га па вясну 2019‑га хлопец служыў тэрміновую службу ў Мар'інай Горцы, у 5‑й асобнай брыгадзе асаблівага прызначэння. Пасля гэтага працаваў у родных Ашмянах. Апошняе вядомае месца ягонай працы — Ашмянскі мясакамбінат.
Пецюлевіч займаўся цяжкай атлетыкай, быў сярод найлепшых гіравікоў мясакамбіната.
Павел Пецюлевіч падчас службы. Фота: Укантакце
У відэа, выкладзеным на ўкраінскіх каналах, Пецюлевіч кажа, што яго звольнілі з працы ў Беларусі за крадзеж. Пасля гэтага ён паехаў у Маскву на заробкі. 1 ліпеня 2025 года ён выйшаў на працу, але са жніўня яму перасталі плаціць. Тады беларус знайшоў у інтэрнэце аб'яву пра набор людзей на кантракт у армію Расіі на вайну.
Пецюлевіч кажа, што яму абяцалі, што ён будзе працаваць па спецыяльнасці — кіроўцам — і атрымае выплату каля $30 тысяч за падпісанне кантракта.
Хлопцу далі пазыўны Пятро.
Натуральна, Пецюлевіча падманулі і адразу ж адправілі штурмавіком на гарачы ўчастак фронту.
Павел Пецюлевіч з сабакам. Фота: «Аднакласнікі»
Паводле слоў Паўла, на штурм яго паслалі падчас першага ж баявога задання. Адзін з салдат з ягонай групы наступіў на міну і выцек (памёр ад страты крыві). Пецюлевіч з астатнімі дайшоў да нейкай вёскі, дзе хаваўся ў чужой хаце.
Хлопец сцвярджае, што за чатыры дні на пярэднім краі ён не атрымаў ніякай падтрымкі, хаця неаднаразова яе запытваў. Ягоная задача была сустракаць людзей з ягонага палка і пасылаць іх далей. Усе да аднаго яны паміралі, кажа ён.
У выніку Пецюлевіча і яшчэ двух людзей з ягонай часткі ўзялі ў палон. Невядома, калі дакладна гэта адбылося, але Укантакце ён быў анлайн апошні раз 11 кастрычніка.
Павел Пецюлевіч ва ўкраінскім палоне. Скрыншот з відэа канала «Мікалаеўскі Ванёк»
Павел шкадуе, што пайшоў ваяваць: «Да****б, іначай не падпісаў бы кантракт». Да таго ж, аніякіх выплатаў ён не атрымаў. Павел Пецюлевіч просіць Лукашэнку як мага хутчэй памяняць яго назад у Беларусь і кажа, што гатовы на ўсё, «абы быць побач з сям'ёй».
Чытайце таксама:
Стала вядома, што адбываецца з расійскімі палоннымі адразу пасля абмену
На вайне з Украінай загінуў сын былога міліцэйскага начальніка з Віцебска