Пенсіянерка шмат гадоў збірала грошы на кватэру, каб пасля ашчаслівіць імі «сяброў па перапісцы»
69‑гадовая жыхарка Валкавыска ўвадначас страціла ўсе свае ашчаджэнні, даверыўшыся махлярам з інтэрнэту.
Фота ілюстрацыйнае
Як паведамляе Следчы камітэт, гісторыя пачалася ў ліпені 2025 года. Пенсіянерка пазнаёмілася ў сацыяльнай сетцы TikTok з мужчынам, які прадставіўся жыхаром ЗША. Ён пісаў па-руску, што ад пачатку магло выклікаць падазрэнні. Тым не менш, жанчына працягнула з ім зносіны.
Паступова незнаёмец увайшоў да жанчыны ў давер, пачаў расказваць пра свае «жыццёвыя цяжкасці» і прасіць дапамогі: то на ежу, то на новы тэлефон, то нібыта на аплату пасылкі або мытных збораў. Ён пераканаў жанчыну адкрыць банкаўскі рахунак і рэгулярна пералічваць яму грошы.
Пазней да махінацыі падключыўся яшчэ адзін чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам ФБР. Пенсіянерка верыла абодвум і працягвала пералічваць грошы, пакуль агульная сума стратаў не перавысіла 103 тысячы рублёў.
Падчас расследавання міліцыя правяла допыт пацярпелай і праверку яе камп’ютара, а таксама запрасіла даныя па банкаўскіх аперацыях.
Жанчына паведаміла, што гэтыя грошы былі яе асабістымі ашчаджэннямі, якія яна шмат гадоў адкладала, каб купіць сабе кватэру. Пры гэтым пенсіянерка да гэтага часу верыць аднаму з махляроў і спадзяецца, што той верне грошы. Яна нават не хацела звяртацца ў міліцыю, каб «не выносіць справу на публіку».
Па факце махлярства ў асабліва буйным памеры завялі крымінальную справу.
Чытайце таксама:
Затрымалі махляра-крыптавалютчыка, які падмануў 50 чалавек