«Раніца — у школе, потым — гатэль». Знакаміты беларускі лыжнік расказаў, як жыве ў польскім Закапаным
У лыжніка Сяргея Далідовіча была вельмі доўгая і насычаная кар'ера. Ураджэнец Оршы прымаў удзел у сямі Алімпіядах, дванаццаці чэмпіянатах свету. На Алімпійскіх гульнях у 2014 годзе Сяргей заняў пятае месца, быў пераможцам этапу Кубка свету. Сёння ён працуе з біятланістамі ў польскім Закапаным. Most пагаварыў з ім пра жыццё ў Польшчы, дзяцей і трэнерства.
Ад Закапанага да Закапанага
У лютым 2022 года, незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, Далідовіч разам з сям'ёй выехаў у Польшчу. Яны жывуць у Закапаным, а больш канкрэтна ў вёсцы Касцяліска.
Від на горы. Фота з архіва Сяргея Далідовіча
З Закапаным у Сяргея даўняя сувязь. Ён успамінае, што ў пачатку 1990‑х упершыню выехаў сюды на замежныя зборы, а яшчэ тут пазнаёміўся з жонкай Ірынай, якая таксама займалася лыжнымі гонкамі.
«За 30 гадоў, вядома, у Закапаным амаль усё памянялася. Але вось база, куды прыязджалі на зборы, засталася такой жа самай. Адказныя людзі гадамі не ведаюць, што з гэтым усім рабіць. Трасу, стрэльбішча абнавілі, а з астатнім да гэтага часу не могуць разабрацца», — расказвае суразмоўца.
Далідовіч працуе настаўнікам-трэнерам па біятлоне ў спартыўнай школе — аналагу нашага інтэрната. Са слоў беларуса, трэнерам у Польшчы стаць прасцей — дастаткова скончыць курсы. А вось настаўніку без вышэйшай адукацыі ніяк.
«У Беларусі скончыў БДУФК і, калі тут пацвердзілі дыплом, што заняло некалькі месяцаў, стаў паўнавартасна працаваць. Пайшоў ужо мой трэці год у школе. Трэнірую юных біятланістаў (у групе 20 чалавек — ад 12 да 18 гадоў) разам з двума трэнерамі з Польшчы. Мне падабаецца. Рыхтуем кадры для моладзевай зборнай. Я больш адказваю за функцыянальную падрыхтоўку і тэхніку лыжнага ходу».
Сяргей Далідовіч. Фота з яго архіва
Далідовіч пакуль не можа працаваць са зброяй — адным з ключавых элементаў падрыхтоўкі для біятланістаў. Для гэтага недастаткова часовага ДНЖ, патрэбен пастаянны.
З калегамі ў беларуса склаліся даверчыя адносіны. У аднаго з іх Далідовіч з усёй сям'ёй быў нядаўна на вяселлі.
«Паглядзелі, як гуралі (этнакультурная група палякаў. — Заўв. Most) весяляцца. Сабралася чалавек са сто. Палова — з боку жаніха — прыйшла ў гуральскіх касцюмах, некаторыя былі на конях. А другая палова — звычайныя гарадскія жыхары, бо жонка калегі з Познані. Атрымаўся цікавы кантраст. П'юць палякі, вядома, шмат. Я ўжо не такі моцны».
Гуральская вяселле. Фота з архіва Сяргея Далідовіча
Раніца — у школе, потым — гатэль
У групе Далідовіча ў перапынках паміж зборамі трэніруецца і 18‑гадовы Гжэгаж Галіца. Яго лічаць вельмі таленавітым. Узімку 2025 года біятланіст выйграў тры залатыя медалі на юніёрскім чэмпіянаце Еўропы, потым быў срэбраным прызёрам юніёрскага чэмпіянату свету.
«Трохі працаваў з Гжэгажам і ў моладзевай зборнай. Хлопец выдатна гатовы функцыянальна. Паглядзім, як у яго пойдзе. Наша задача ў школе — не толькі навучыць правільнай тэхніцы, закласці падмурак, але і не выхаласціць спартсменаў. Можна паказваць бліскучыя вынікі па юніёрах, а потым згубіцца сярод дарослых».
Да пацвярджэння беларускага дыплома Далідовіч трэніраваў у Польшчы з яшчэ адным спецыялістам моладзевую зборную па біятлоне, затым быў паўгода школьным аніматарам: займаўся з дзецьмі, прыглядаў за футбольным полем.
Сяргей Далідовіч. Фота з ягонага архіва
Цяпер Сяргей працуе з юнымі біятланістамі 20 гадзін на тыдзень. Кажа, што гэта яго цалкам задавальняе.
«Мы пачынаем у 7.30 раніцы. Пасля спорту вучні ідуць да 11.15 на іншыя ўрокі, а я фактычна вольны. Зарабляю 4500 злотых (каля 1240 даляраў. — Заўв. рэд.) нета.
У другой палове дня нярэдка дапамагаю жонцы па гаспадарцы ў гатэлі. У Закапаным ёсць невялікі бюджэтны гатэль. Жонка прымае гасцей, корміць іх. А я магу і газон падстрыгчы, і нешта паправіць — усё патроху. Прыезджым добра, што з гэтага гатэля вельмі зручна пачынаць горныя паходы».
Сяргей Далідовіч. Фота з ягонага архіва
Па словах Сяргея, з-за занятасці ў школе і гатэлі сам ён амаль не хадзіў у горы і не выбіраўся за межы Закапанага.
«Мне хапае працы і зносін з сям'ёй. Старэйшая дачка перыядычна прыязджае ў госці. Летась Вольга выйшла замуж за беларуса. Жыве ўсяго за 20 кіламетраў ад нас. Яна яшчэ да нашай эміграцыі вучылася ў Варшаве, а сёння працуе аддалена праграмістам».
«Раней былі думкі, што вось-вось паеду дадому»
У 2020 годзе Далідовіч выступіў за перамены ў Беларусі і выказваўся супраць гвалту. Пасля гэтага яму сталі замінаць трэніраваць лыжнікаў (у ліку яго вучняў была і сярэдняя дачка Дар'я), што і паслужыла адной з прычын эміграцыі.
У кастрычніку гэтага года Далідовіча ўключылі ў базу вышуку Расіі. Парадокс, але, са слоў беларуса, гэта ў нейкай ступені «дапамагло супакоіцца».
«Вядома, сумую па Беларусі, хацеў бы там жыць. Але разумею, што ў найбліжэйшы час не магу вярнуцца на радзіму. Раней пастаянна былі думкі, што вось-вось паеду дадому».
Сяргей жыве ў Закапаным амаль чатыры гады. Кажа, што час праляцеў вельмі хутка. Мясцовыя жыхары ўжо не лічаць яго чужым.
«Спачатку адчувалася дыстанцыя. Негатыву не было, але ставіліся насцярожана. Вельмі мала хто ведаў пра сітуацыю ў Беларусі і канкрэтна пра мяне. Каму ні расказваў пра тое, што адбываецца — рабілі круглыя вочы. Аднойчы мяне нават за ўкраінца прынялі. Але цяпер мясцовыя бачаць, што мы нікуды не з'язджаем, больш давяраюць».
У цэлым Далідовіча ўсё задавальняе. Мінус толькі адзін — адсутнасць свайго жылля.
«У нас добрыя апартаменты, 90 квадратаў. На арэнду аддаем якраз тую суму, якую зарабляю ў школе. Але дадатковы занятак я сабе заўсёды знайду. І лепш буду рабіць гэта ў Польшчы ў сваё задавальненне, чым там, дзе мяне не чакаюць».
Дачка верыла, што будзе запатрабаваная ў беларускім біятлоне, але выступае як бежанка
Хутчэй за ўсё, мяркуе суразмоўца, удалося адаптавацца да польскіх будняў малодшай дачцэ Злаце. Яна ходзіць у трэці клас.
«Па-польску Злата гаворыць наогул без акцэнту, часам дапамагае мне з перакладам. У школе ёй усё падабаецца. У іх там лайт-рэжым. Хатняга задання няма, адзнак таксама. Многім бацькам гэта не падабаецца. А мне здаецца, што талент заўсёды праб'ецца — пастаяннае зубрэнне не дасць пладоў», — расказвае Далідовіч.
Па яго словах, Злата з задавальненнем наведвае і ўрокі рэлігіі. Яна далучае сям'ю да наведвання касцёла. На нядзельных службах нярэдка шматлюдна.
Значна цяжэй з-за ўзросту і спартыўных абставін у новай краіне прыйшлося сярэдняй дачцэ Далідовіча — Дар'і. Яна верыла, што будзе запатрабаваная ў беларускім біятлоне, але аказалася не патрэбнай.
Цяпер былая лыжніца трэніруецца з рэзервовай польскай камандай. У мінулым годзе Далідовіч стала першай у свеце біятланісткай, якая выступае як бежанка.
«Мы вельмі ўдзячныя Міжнароднаму алімпійскаму камітэту, Міжнароднаму саюзу біятланістаў, НАК Польшчы і федэрацыі біятлона Польшчы, што далі шанец Дар'і трэніравацца, выступаць і мець магчымасць рэалізавацца. МАК выдзеліў стыпендыю на паўтара года — 1500 даляраў у месяц. Гэтыя грошы амаль цалкам ідуць на зборы», — кажа Сяргей.
Адной з галоўных праблем застаецца інвентар. У прыватнасці, у Дар'і вельмі старая вінтоўка — зброі больш за 20 гадоў.
У мінулым сезоне беларуска спаборнічала сярод юніёрак. Найлепшы вынік — 32‑е месца ў спрынце на чэмпіянаце свету. Цяпер Далідовіч рыхтуецца да стартаў сярод дарослых на Кубку IBU — другой па рангу серыі спаборніцтваў пасля Кубка свету.
«З-за ўсіх пераездаў і палак у колы, якія нам ставілі ў Беларусі, апошнія тры гады ў Дар'і фактычна выпалі з падрыхтоўкі. Але ў яе ёсць перспектывы ў біятлоне. На гэтым этапе яна значна больш трэніруецца цэнтралізавана са зборнай, чым са мной. Расце ў канкурэнтным асяроддзі. Хоць Дар'я не займае нечае месца ў камандзе — яна трэніруецца за грошы МАК, а не Польшчы».
«Тут ніхто не займаецца прыпіскамі»
Закапанэ знаходзіцца каля падножжа Татраў. Наяўнасць гор, па назіранні Далідовіча, мала стымулюе фізічную актыўнасць мясцовых жыхароў.
«Мне здаецца, у Польшчы ўпор большы на адукацыю. Няма фанатызму па тых жа зімовых відах спорту. Многае залежыць ад бацькоў, вядома. Але тут ніхто не займаецца прыпіскамі, маўляў, у нас столькі працэнтаў займаюцца спортам».
«Бюджэтных грошай на ўсіх не хопіць»
21 кастрычніка стала вядома, што Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту і сноўборду (FIS) не дапусціць беларусаў да адбору на Алімпіяду 2026 года ў Італіі. На галоўным старце чатырохгоддзя не выступяць не толькі лыжнікі, але і фрыстайлісты, дзе ў беларусаў былі медалі на ўсіх зімовых Алімпійскіх гульнях пачынаючы з 1998 года.
«Думаю, беларускія лыжнікі не моцна знерваваліся. Наадварот: «Фух, класна, што не дапусцілі, не трэба ехаць, ганьбавацца». Будуць далей спаборнічаць у якой-небудзь Якуціі. Можа, я крыху іранізую, але пра сур'ёзныя вынікі ў лыжных гонках не было б гаворкі. У лепшым выпадку — траплянне ў топ-50 у індывідуальных дысцыплінах. Беларусы чатыры гады не выступалі ў Кубку свету сярод наймацнейшых, а спорт не стаяў на месцы», — разважае Далідовіч.
Паводле яго слоў, «галоўны спартсмен» у Беларусі ўсё менш увагі надае спорту: адбіваюцца і ўзрост, і ўсе падзеі ў свеце.
«Лыжы, фрыстайл, давайце прызнаем, не асабліва папулярныя і патрабуюць ўлівання сродкаў. У Беларусі ж у спорце не перайшлі на камерцыйныя рэйкі, каб не залежаць ад дзяржавы, а бюджэтных грошай на ўсіх дакладна не хопіць. Лепш бы ў цяперашняй сітуацыі ўкладаліся ў дзіцячы спорт».
Чытайце таксама:
Беларуская лыжніца стала чэмпіёнкай Польшчы па біятлоне
«Усё перавернутае з ног на галаву». Славуты беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч асеў у Закапаным
Беларускія спартоўцы разам выступілі супраць вайны. Хто падпісаў зварот?