Пад Баранавічамі мясцовы жыхар праводзіць бясплатныя экскурсіі па былой панскай сядзібе
У вёсцы Ястрамбель Баранавіцкага раёна, сярод старога парку і цяністых алеяў хаваецца рэдкі для Беларусі архітэктурны помнік — панскі палац роду Катлубаяў. У гэтага палаца ёсць свой ахоўнік і папулярызатар з ліку мясцовых жыхароў, піша «Смартпрэс».
Васіль Лаўрыновіч
Пабудаваны ў 1897 годзе ў стылі эклектыкі і неаготыкі, палац калісьці ўражваў сваёй веліччу: цагляная мураванка, аркавыя вокны, вежа з шатром і флюгер — ён быццам сышоў са старонак еўрапейскага рамана XIX стагоддзя.
Сёння палац пацярпеў ад часу, але не страціў свайго магнетызму. Дом, які перажыў рэвалюцыі, нацыяналізацыю і дзесяцігоддзі савецкага побыту, працягвае прыцягваць турыстаў.
У розны час тут размяшчаліся дзіцячы інтэрнат і адміністрацыйныя службы. З 2010 года сядзіба афіцыйна прызнаная гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэспубліканскага значэння, аднак да рэстаўрацыі справа пакуль не дайшла.
Але ў палаца ёсць свой ахоўнік. Васіль Лаўрыновіч жыве ў Ястрамбелі ўжо амаль 40 гадоў. Ён называе сябе «апошнім жыхаром панскага дома» і з энтузіязмам праводзіць бясплатныя экскурсіі для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй гэтага месца. У яго расказах — лёсы шляхецкага роду, кавалкі ўспамінаў старажылаў, легенды, што перадаюцца з вуснаў у вусны.
Пакуль будынак чакае інвестара і праекта рэстаўрацыі, сюды працягваюць прыязджаць падарожнікі, фатографы, гісторыкі і проста зацікаўленыя людзі. А Лаўрыновіч — нязменны гід і расказчык — сустракае іх каля ганка, дзе калісьці гучалі вальсы і карэты стукалі па маставой.
Чытайце таксама:
На спатканне ў музеі Петруся Броўкі такая чарга, што запісацца можна толькі на сакавік 2027 года
Вялікая выстава Сеўрука праходзіць у Мінску
Экскурсавода з Ружанскага замка адправілі за краты — падобна, за Гаюн
Адабраную ў мецэната сядзібу ў Падароску выставілі на аўкцыён за 710 тысяч даляраў