Лукашэнка: Расіі і Беларусі эскалацыя не патрэбная
Беларусь і Расія не маюць ніякіх агрэсіўных памкненняў у дачыненні да еўрапейскіх краін, заявіў Аляксандр Лукашэнка на III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы.
Фота: БелТА
«Нікуды мы не нацэлены, ніякая Еўропа, Парыж і Лондан нам не патрэбны. Нават Літва і Польшча, Вільня і Варшава. Нам не патрэбна эскалацыя», — сказаў ён (цытаты па БелТА).
«Пакуль складаецца ўражанне, што Еўропе мір не патрэбны. Палітыкі забылі, якія жахі прынесла Другая сусветная вайна. Паверылі, што нарошчванне ваеннага патэнцыялу іх абароніць. Не і яшчэ раз не! Гэта шлях у нікуды, чарговая прыступка па лесвіцы эскалацыі», — заявіў Лукашэнка.
Таксама ён закрануў пытанне нелегальных мігрантаў.
«Як можна сур’ёзна ўспрымаць патрабаванні ЕС да нас (як яны выражаюцца, «вырашыць праблему з мігрантамі»), калі тыя ж Брусэль і Польшча з Прыбалтыкай дэманстратыўна разарвалі ўсе раней дасягнутыя пагадненні і адмаўляюцца падтрымліваць простую камунікацыю нават па цяперашніх пытаннях? — сказаў ён. — Логіка простая: калі вы разбуралі масты, не патрабуйце ад нас наводзіць пераправы. Мы не будзем вас абараняць з петляй на шыі. Санкцыі — гэта петля на шыі беларускага народа, і вы ад нас патрабуеце абараняць вас. Гэтага не будзе!»
Лукашэнка пракаментаваў магчымае размяшчэнне «Арэшніка» ў ў Беларусі, заявіўшы, што гэта не што іншае, як мера на эскалацыю сітуацыі ў рэгіёне і сучасныя пагрозы.
«Калі ласка, давайце ад гэтага адыдзем, і размовы пра «Арэшнік» спыняцца. Мы ж нікому не пагражаем, толькі забяспечваем сваю бяспеку. Больш за тое, заўсёды адкрытыя да канструктыўнага дыялогу і ўзаемных крокаў па змяншэнні напружанасці. Калі нашы партнёры на Захадзе да гэтага гатовыя — ні мы, ні Расія ў даўгу не застанёмся!» — заявіў ён.