БЕЛ Ł РУС

У панядзелак увечары ў Літве зноў былі зафіксаваныя паветраныя шары, але Віленскі аэрапорт не закрывалі

28.10.2025 / 11:7

Nashaniva.com

Спецыялісты назіралі за рухам кантрабандных шароў у Літве і вырашалі, ці сапраўды яны ляцяць у напрамку аэрапортаў.

Madeinvilnius.lt

Галоўны дарадца прэзідэнта Літвы па пытаннях нацыянальнай бяспекі Дэйвідас Матуліёніс сказаў, што нягледзячы на кантрабандныя шары, якія прылятаюць з Беларусі, Віленскі аэрапорт у панядзелак увечары і ноччу не быў закрыты дзякуючы больш цеснаму супрацоўніцтву паміж установамі, паведамляе madeinvilnius.lt.

Пасля апошніх рашэнняў спецыялісты «Oro navigacijos» (спецыялістаў аэрапорту) атрымалі магчымасць назіраць за рухам кантрабандных шароў у Літве і вырашаць, ці сапраўды яны ляцяць у напрамку аэрапортаў.

«Дае вынік учора прынятая мера, калі спецыялісты Oro navigacijos непасрэдна ўдзельнічаюць у Цэнтры назірання за небам Ваенна-паветраных сіл і сочаць за сітуацыяй у небе», — сказаў Д. Матулёніс у эфіры радыё Žinių radijas у аўторак.

«Лічу, што гэта будзе адзін з найбольш эфектыўных захадаў, каб дапамагчы вельмі дакладна вызначаць маршруты гэтых шароў і пазбегнуць доўгатэрміновага закрыцця аэрапорта», — дадаў ён.

Паводле Матулёніса, да гэтага часу спецыялісты «Oro navigacijos» не бачылі поўнай карціны паветранай прасторы Літвы, бо іхныя радыёлакацыйныя сістэмы іншага тыпу.

«Калі будзе як мага больш цеснае супрацоўніцтва паміж гэтымі дзвюма ўстановамі, у большасці выпадкаў мы зможам пазбегнуць такіх інцыдэнтаў, якія адбыліся на мінулым тыдні, калі аэрапорты зачыняліся на чатыры, шэсць, восем гадзін», — адзначыў дарадца прэзідэнта.

На мінулым тыдні з-за выкарыстання метэаралагічных шароў для перавозкі кантрабандных цыгарэт з Беларусі ў Літве чатыры разы былі закрытыя аэрапорты, што ўсяго закранула больш за 140 рэйсаў і больш за 20 тысяч пасажыраў.

З вечара нядзелі закрыта літоўска-беларуская мяжа мінімум да серады.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула