БЕЛ Ł РУС

Генадзь Фядыніч з матэрыялаў следства даведаўся, што за ім сачылі 17 гадоў і для гэтага нават ставілі жучкі праз адтуліну з паверха вышэй

27.10.2025 / 18:28

Nashaniva.com

Былы старшыня незалежнага Прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч выйшаў з Бабруйскай калоніі № 2 паўтара месяца таму. У інтэрв'ю «Радыё Свабода» ён распавёў некаторыя дэталі свайго зняволення.

Генадзь Фядыніч 12 верасня 2025 году. Фота: «Радыё Свабода»

Са слоў былога палітвязня Генадзя Фядыніча, падчас арышту ў КДБ ён даведаўся, што яшчэ да 2020 году ў офісах незалежных прафсаюзаў усталявалі праслухоўванне.

«Аказваецца, за мной асабіста ажно 17 гадоў сачылі — чвэрць жыцця быў, як у той прыказцы, «пад каўпаком у Мюлера». А яшчэ даведаўся, што адзін наш офіс праслухоўвалі з кавярні зверху, усталяваўшы адмысловае шпіёнскае абсталяванне — як у Парыжы ГПУ слухала белагвардзейцаў! Смех!

Пытаўся ў следчых: ці дапамагло гэта сабраць доказы? Бо ў справе нічога з доказаў потым не аказалася. Таму і суд над намі закрылі, бо баяліся, што людзі прыйдуць і пабачаць гэтую фікцыю», — мяркуе былы зняволены.

Генадзю Фядынічу 68 гадоў, з калоніі яго вывезлі 11 верасня і, разам з іншымі палітвязнямі, і адправілі ў Літву.

Арыштавалі яго 19 красавіка 2022 году, падчас прафсаюзнага пасяджэння ў офісе на вуліцы Кульман у Мінску.

«Раптам грукат у дзверы і з таго боку кажуць, што гэта ЖЭС. Адказваю, што «мы ЖЭС не выклікалі». Нашы рагочуць, а адтуль зноў грукат і крыкі, што гэта КДБ. Дарэчы, раней мы пабачылі допіс у міліцэйскім тэлеграме, што ў РЭП нібыта сабраліся экстрэмісты. Тады пасмяяліся і забылі, а тут давялося згадаць. Павезлі нас у КДБ і там, з «амерыканкі», дзесяць дзён цягалі на допыты», — згадаў для «Радыё Свабоды» Генадзь Фядыніч.

Асудзілі Фядыніча на 9 гадоў зняволення па артыкулах аб стварэнні «экстрэмісцкага фарміравання» ці ўдзеле ў ім (арт. 361‑1 КК), распальванні варожасці (арт. 130 КК) і закліках да дзеянняў супраць нацбяспекі (арт. 361 КК).

Чытайце таксама:

Вызваленыя з дэпартацыяй 52 палітвязні. Статкевіч адмовіўся пакінуць Беларусь і вярнуўся

Як Фядыніч адкрыў аўтобус Статкевічу на мяжы і як Вінярскі таксама выйшаў, каб застацца ў Беларусі. Новыя падрабязнасці

Былы палітвязень Генадзь Фядыніч расказаў, чаму адмовіўся за кратамі ад аперацыі

Прайшла прэс-канферэнцыя вызваленых палітвязняў

Каментары да артыкула