Даярка падрабіла сабе бальнічны, бо была не ў стане выйсці на працу
У Слуцкі РАУС звярнуўся кадравік аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Капыльскага раёна. Ён паведаміў, што адна з супрацоўніц, 42‑гадовая даярка прадставіла бальнічны, у якім меліся выпраўленні.
У міліцыі вывучылі дакумент і накіравалі яго ў Слуцкі міжраённы аддзел ДКСЭ для праверкі.
Экспертыза паказала, што дата выхаду на працу ў бальнічным лісце была зменена: першапачаткова там было ўказана «02.08.2025», а потым, шляхам падчышчэння і дамалёўкі, яна была заменена на «04.08.2025». Для маскіроўкі зменаў была зроблена дадатковая абводка першай лічбы «0».
Жанчына прызналася, што падоўжыла сабе бальнічны свядома. Паводле яе слоў, яна ўжывала алкаголь і адчула, што ёй было цяжка выйсці на працу.
Заведзена крымінальная справа.