БЕЛ Ł РУС

У самым цэнтры Мінска прапанавалі кватэры ў гатовай новабудоўлі сярод старой забудовы. А што з цэнамі?

27.10.2025 / 12:56

Nashaniva.com

Гэта новабудоўля схавалася сярод брэжневак і хрушчовак у раёне Залатая Горка недалёка ад плошчы Перамогі. Яна — той самы прыклад кропкавай забудовы ва ўжо існуючых старых кварталах. Як правіла, такія аб'екты з'яўляюцца прэміяльнымі з-за высокіх выдаткаў, якія кладуцца на плечы камерцыйных забудоўшчыкаў.

І сапраўды, 12‑павярхоўка ў Горным завулку, 8, заўсёды пазіцыянавалася як дом прэміум-класа. Кватэры ў ёй актыўна рэалізоўваліся ў далёкім 2019 годзе. Але вось сюрпрыз: нядаўна на рынак вывелі нямала гатовых «кансерваў» (нежылых кватэр) рознай плошчы, піша Onliner.by.

Нагадаем, што ўшчыльніць раён Залатая Горка вырашылі яшчэ ў 2011 годзе. У пачатку 2016‑га кампанія «Атлант-М Буд» прыступіла да зносу старых дамоў для ўзвядзення аднаго новага. З твару зямлі сцерлі стары двухпавярховы інтэрнат хлебазавода і драўляны дом з каменнай прыбудовай. Да 2019 года «свечка» была поўнасцю гатова. Выглядае яна даволі стандартна для новабудоўляў таго часу: звычайныя вокны, немудрагелістыя адценні фасадаў. Фішкай сталі хіба што вокны-ілюмінатары ўздоўж лесвіцы.

Пад домам прадугледжаны двухузроўневы падземны паркінг — гэта таксама прыкмета прэміяльнасці. Дзіцячая пляцоўка выглядае даволі стандартна.

Аздабленне месцаў агульнага карыстання пастараліся зрабіць пад прэміяльнае званне. Хол на першым паверсе аздоблены керамічнай пліткай пад мармур, маецца цікавая падсветка столі і дэкаратыўныя панэлі з падсветкай нумароў кватэр.

Усяго ў доме было запраектавана 79 кватэр. Гісторыя памятае, што ў 2019 годзе «квадрат» тут ацэньваўся ад $1600 да $1800.

Якая колькасць жылля была прададзена ў момант піку рэалізацыі, застаецца загадкай. Аднак сёння тут прадаюць нямала «кансерваў» — кватэр без аздаблення, што гадамі чакаюць сваіх гаспадароў.

Мяркуючы па інфармацыі з аб'яваў, свабодна да набыцця даволі вялікая колькасць варыянтаў, размешчаных з 9 па 12 паверхі:

1‑пакаёвая кватэра тут даволі прасторная — 49,3 метра. У той час яшчэ не было прынята запаўняць новабудоўлі маламетражкамі. Планіроўка ў ёй свабодная. Кошт — $108 460.

2‑пакаёвая кватэра плошчай 76,6 метра прадаецца за $174 492. Цікава, што забудоўшчык ужо прадугледзеў у ёй планіроўку і ўзвёў сцены. Новаму ўладальніку давядзецца з гэтым змірыцца альбо перайначваць жыллё пад сябе.

Самай дарагой з'яўляецца 4‑пакаёвая кватэра плошчай 126,4 метра. Яе можна купіць за $316 000.

Ну што, давайце палічым. Праз шмат гадоў метр у прэміяльным доме падладзіўся пад рынкавыя ўмовы і значна вырас.

Жыллё ў гатовай новабудоўлі каштуе ад $2200 да $2500 за «квадрат».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула