БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка сустрэўся ў Мінску з кардыналам Гуджэроці, абмяркоўваць маглі ізаляцыю Беларусі і палітвязняў

27.10.2025 / 12:22

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прэфектам Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў у Ватыкане кардыналам Клаўдыа Гуджэроці, піша БелТА.

Фота: БелТА

«Я азнаёміўся ў дэталях з вашым візітам. Вельмі рады, што вы ўспомнілі Беларусь і вам спадабалася Беларусь, спадабаліся нашы людзі. Усе. Не толькі каталікі, праваслаўныя. І іншыя людзі. І нават мусульмане вельмі добра ўспрынялі ваш візіт. Гэта кажа пра тое, што ваш след у Беларусі, прабачце за таўталогію, не бесследны, — сказаў ён. — Таму я шчыра рады сустрэцца з вамі. Я памятаю ўсе нашы сустрэчы, размовы, перамовы, абавязацельствы, якія мы выконваем, выканалі або нешта не выканалі — мы сёння з вамі шчыра па-дружалюбна пагаворым пра гэта. Я вельмі рады сустрэцца і абмеркаваць усе пытанні, якія, магчыма, назапасіліся ў нашых адносінах».

Кардынал Клаўдыа Гуджэроці наведвае Беларусь у якасці спецыяльнага пасланніка Папы Рыма Льва XIV для ўдзелу ў урачыстасцях з нагоды святкавання 100‑годдзя Пінскай епархіі. На выходных ён браў удзел ва ўрачыстасцях у Пінску і Брэсце.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Клаўдыа Гуджэроці з даволі паспяховай службай: «Таксама назіраю ўважліва. Я вельмі рады за вас. І заўсёды лічу, што ў вашым поспеху ёсць маленькая частка беларускай душы. Таму мы вас вітаем тут. У любы час прыязджайце. Я не ведаю, якая віза яму патрэбна. Ён у нас беларус фактычна».

Клаўдыа Гуджэроці быў апостальскім нунцыем (пасланнікам Ватыкана) у нашай краіне з 2011 па 2015 год. 

У верасні 2012 года ён рабіў візіт у турмы, дзе ўтрымліваліся беларускія палітычныя зняволеныя. Ён тады наведаў некалькі пенітэнцыярных устаноў, дзе асабіста перадаў вітанні і духоўную падтрымку палітвязням ад Папы Бенедыкта XVI. Сярод іх былі, напрыклад, Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Павел Севярынец.

Таксама Клаўдыа Гуджэроці спрычыніўся да вяртання ў краіну Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады ў 2020 годзе не пускалі назад.

Нунцый Гуджэроці неаднаразова маліўся на Дзяды ў Курапатах, а калі быў нунцыем у Вялікабрытаніі, перыядычна наведваў Беларускую бібліятэку імя Скарыны ў Лондане.

Як мяркуецца, падчас гэтай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Клаўдыа Гуджэроці маглі абмяркоўвацца ў тым ліку міжнародная ізаляцыя Беларусі, сітуацыя з правамі і свабодамі ў краіне, а таксама лёс закладнікаў — палітычных зняволеных, сярод якіх ёсць таксама некалькі святароў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула