Часопіс МЗС Расіі прапанаваў прымяняць ва Украіне савецкі досвед акупацыі Германіі
Асаблівую ўвагу аўтаркі артыкула, былой выкладчыцы фізкультуры, прыцягнула праца «камісій па дэнацыфікацыі».
Фота: Мінабароны РФ
Часопіс Міністэрства замежных спраў Расіі «Международная жизнь» апублікаваў артыкул аб неабходнасці прымянення савецкага досведу акупацыі Германіі пасля Другой сусветнай вайны пры вырашэнні «адной з найважнейшых мэт СВА — дэнацыфікацыі Украіны», піша «Агентство».
Артыкул «Досвед Савецкага Саюза па ажыццяўленні дэнацыфікацыі ў савецкай зоне акупацыі Германіі» напісала кіраўніца навукова-даследчага аддзела Ваеннага ўніверсітэта імя Аляксандра Неўскага Мінабароны Расіі Ірына Грачова. Раней яна выкладала фізкультуру.
Ва ўводзінах яна згадала зварот Уладзіміра Пуціна ад 24 лютага 2022 года, у якім ён «вызначыў у якасці адной з найважнейшых мэт СВА дэнацыфікацыю Украіны». Для дасягнення гэтай мэты, паводле яе слоў, трэба выкарыстоўваць «багаты практычны досвед», які быў назапашаны савецкімі ўладамі «пры вырашэнні аналагічнай задачы на тэрыторыі зоны Германіі, акупаванай Чырвонай арміяй у выніку Другой сусветнай вайны».
На пачатку артыкула Грачова адзначыла, што досвед «дэнацыфікацыі» савецкія ўлады пачалі атрымліваць яшчэ на заключным этапе вайны, у тым ліку за кошт працы НКУС на фронце.
Затым аўтарка нагадала першы загад савецкага ваеннага каменданта Берліна, які распусціў структуры нацысцкай партыі, а іх кіраўніцтва і ваенных абавязаў з'явіцца ў камендатуры на працягу некалькіх сутак. Тых, хто не з'явіўся або хаваў іх, чакала «строгая адказнасць па законах ваеннага часу», піша Грачова.
Аўтарка таксама неаднаразова працытавала адзін з дакументаў ваеннай рады і палітупраўлення 1‑га Украінскага фронту. Ён прадпісваў для «вытраўлівання яду нацызму з нямецкага арганізма» прыцягваць нямецкае насельніцтва. Таксама дакумент прадугледжваў прапагандысцкую працу, якая, у тым ліку, павінна была «даць насельніцтву правільнае ўяўленне пра Савецкі Саюз» і «папулярызаваць выказванні таварыша Сталіна пра Германію і нямецкі народ».
Грачова апісала і досвед савецкай ваеннай адміністрацыі, якую стварылі для кіравання савецкай зонай акупацыі Германіі. Асабліва яе ўвагу прыцягнула праца «камісій па дэнацыфікацыі».
Як піша аўтарка, яны да 1948 года «выдалілі» з органаў самакіравання і з прадпрыемстваў каля 520 тысяч «былых членаў нацысцкай партыі, мілітарыстаў і ваенных злачынцаў». 150 тысяч былых служачых СС, гестапа і нацысцкай партыі былі інтэрнаваны, 17 тысяч з іх трапілі ў турмы, піша аўтарка.
У той жа час яна адзначыла, што не ўсе савецкія чыноўнікі бачылі розніцу паміж рознымі палітычнымі сіламі Германіі, «з-за чаго арыштам падвяргаліся людзі невінаватыя, а то і, наадварот, тыя, хто змагаўся супраць нацысцкага рэжыму». У якасці прыкладу Грачова прывяла арышт обербургамістра Эйзенаха доктара Фрэесдорфа, не ўдакладніўшы, што ён правёў пяць гадоў у спецлагеры НКУС.
Як піша Грачова, да 1948 года ваенная адміністрацыя «правяла ва Усходняй Германіі асноўныя дэмакратычныя пераўтварэнні, ачысціла органы самакіравання, паліцыю і судовыя органы ад відавочных і скрытых нацыстаў, сфарміравала зямельныя і правінцыйныя ўрады», якім затым перадала ўсе паўнамоцтвы.
«Назапашаны савецкімі акупацыйнымі ўладамі досвед па дэнацыфікацыі Германіі мэтазгодна выкарыстоўваць органам улады і ваеннага кіравання РФ пры правядзенні аналагічнай працы на тэрыторыях, вызваленых у ходзе СВА (так прапаганда называе вайну. — НН) ад улады кіеўскага неанацысцкага рэжыму. На жаль, пакуль такі досвед выкарыстоўваецца ў абмежаваных маштабах», — рэзюмавала Грачова.