Жонку Макрона запісалі пад мужчынскім імем у базе падатковай службы
«Яна заходзіць і бачыць, што там напісана не «Брыжыт Макрон», а «Жан-Мішэль, вядомы як Брыжыт Макрон».
Брыжыт Макрон. Фота: Stephanie Lecocq/Pool via AP
Яшчэ ў верасні 2024 года ў Елісейскім палацы выявілі, што ў базе падатковай службы першую лэдзі Францыі Брыжыт Макрон назвалі мужчынскім імем — на фоне распаўсюджанай тэорыі змовы аб яе нібыта трансгендарнасці.
Пра гэта стала вядома з дакументальнага фільма BFMTV, піша «Еўрапейская праўда».
У апублікаваным урыўку гаворыцца, што Брыжыт Макрон больш за год таму пры ўваходзе ў асабісты кабінет на сайце падатковай службы заўважыла, што замест яе імя там было пазначана імя яе брата.
«Яна заходзіць і бачыць, што там напісана не «Брыжыт Макрон», а «Жан-Мішэль, вядомы як Брыжыт Макрон», — расказаў у фільме кіраўнік апарата першай лэдзі Францыі Трыстан Брамэ.
Паводле яго слоў, Елісейскі палац сур'ёзна паставіўся да сітуацыі, а сама Брыжыт Макрон падала скаргу, паколькі імя на сайце падатковай службы, хутчэй за ўсё, змянілі яе ўнутраныя супрацоўнікі. У выніку вызначылі асобы двух падазраваных.
У фільме адзначаецца, што агулам у справе аб «лічбавым пераследзе» Брыжыт Макрон фігуруюць дзесяць падазраваных. Іх дапытаюць на наступным тыдні ў крымінальным судзе Парыжа.
Тэзіс пра тое, што першая лэдзі Францыі нібыта з'яўляецца трансперсонай, ужо не першы год распаўсюджваюць адэпты тэорый змовы.
У ліпені муж і жонка Макроны падалі іск супраць амерыканскай ультраправай блогеркі Кэндзіс Оўэнс, якая сцвярджае, што Брыжыт насамрэч з'яўляецца мужчынам. У судзе яны збіраліся прывесці навуковыя доказы, што першая лэдзі Францыі з'яўляецца жанчынай.
Чытайце таксама:
«Дурная выдумка». Макрон падаў у суд на жанчыну, якая назвала яго жонку мужчынам