БЕЛ Ł РУС

Апазіцыя Літвы вінаваціць улады ў няздольнасці супрацьстаяць пагрозам з Беларусі. Прэм’ер Літвы склікае Камісію нацыянальнай бяспекі

26.10.2025 / 8:48

Nashaniva.com

Прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене пракаментавала сітуацыю з парушэннем працы Віленскага аэрапорта, дзе ўвечары ў суботу праз падазрэнне на кантрабандныя паветраныя шары былі прыпыненыя палёты, піша LRT. Яна склікае Камісію нацыянальнай бяспекі.

Інга Ругінене. Фота: AP Photo / Mindaugas Kulbis

Ругінене паведаміла, што ў панядзелак склікае пасяджэнне Камісіі нацыянальнай бяспекі, каб абмеркаваць «план дзеянняў і далейшыя крокі». Яна адзначыла, што рашэнне аб прыпыненні палётаў было прынятае дзеля бяспекі пасажыраў, мясцовых жыхароў і інфраструктуры, бо «кірунак ветру пакуль неспрыяльны для аэрапорта».

«Прашу ва ўсіх цярпення, бо разумею, якія нязручнасці і неспакой вы перажываеце, але мы дзейнічаем дзеля вашай бяспекі», — падкрэсліла прэм’ерка.

Яна дадала, што закрыццё межаў — гэта сігнал, што Літва не будзе цярпець ніякіх парушэнняў мяжы.

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання крызіснымі сітуацыямі Вільмантас Віткаўскас расказаў, што ў суботу ў розных месцах былі зафіксаваныя кантрабандныя шары, а каля Віленскага аэрапорта быў заўважаны малы дрон, аператар якога быў хутка затрыманы. Гэтым разам радары зафіксавалі 22 аб'екты, што значна менш, чым раней.

Праца Віленскага аэрапорта была спынена на шэсць гадзін. Гэта ўжо трэці раз за тыдзень і другі вечар запар, калі з-за вялікай колькасці кантрабандных шароў з боку Беларусі спыняліся палёты і часова закрываліся памежныя пункты пропуску.

Агулам, за тыдзень спыненне працы аэрапортаў закранула каля 70 авіярэйсаў і больш за 10 тысяч пасажыраў.

Прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі крытыкуюць урад за бяздзейнасць.

«Літва становіцца недзеяздольнай краінай, якую захочуць аб'язджаць бокам як бізнесмены, так і турысты», — заявіў старшыня Дэмакратычнага саюза «У імя Літвы» Саўлюс Сквярняліс.

«Другую ноч запар парушаецца праца Віленскага аэрапорта, — напісаў ён у сацсетцы. — Падобна, што жаданне нашых жыхароў карыстацца сталічным аэрапортам стане мінімальным. Недзеяздольнасць улады ўжо наносіць шкоду як іміджу дзяржавы, так і яе бяспецы і надзейнасці».

Сквярняліс папракнуў урад у тым, што яны па-ранейшаму свята перакананыя, што гаворка ідзе проста пра кантрабанду.

«У Беларусі якая б ні была незаконная дзейнасць не ажыццяўляецца без дазволу, узгаднення або проста загаду КДБ і ваеннай разведкі», — мяркуе былы прэм'ер-міністр.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула