Літва аднавіла працу аэрапорта і адкрыла памежныя пераходы з Беларуссю
У суботу а 22:45 памежныя пункты пропуску «Медзінінкай» і «Шальчынінкай» былі часова закрытыя, а праца аэрапорта Вільні спыненая праз паветраныя шары, што прыляцелі ў Літву з Беларусі.
Увечары ў суботу ў паветранай прасторы былі выяўлены невядомыя аб’екты, з-за якіх авіярух у Віленскім аэрапорце прыпынілі да 2:00 нядзелі. Паводле папярэдніх звестак, гэта маглі быць метэаралагічныя зонды, запушчаныя з тэрыторыі Беларусі і прызначаныя для кантрабанды.
Праца памежных пунктаў аднавілася а 2‑й ночы.
А паветраная прастора над Віленскім аэрапортам была адкрыта ў 3:30 раніцы.
З-за часовых абмежаванняў, якія закранулі як рэйсы, што прыбывалі, так і рэйсы на вылет, пацярпелі каля 3 500 пасажыраў і 25 рэйсаў, у тым ліку 7 рэйсаў былі перанакіраваныя, а 4 рэйсы — адменены.
Цягам дня могуць адбывацца затрымкі з-за парушанай ратацыі самалётаў і экіпажаў, паведамляе прэс-служба аэрапорта.
Пасажырам, чые рэйсы былі адменены, рэкамендуецца не прыязджаць у аэрапорт і звяртацца непасрэдна да сваіх авіякампаній для далейшай інфармацыі.