БЕЛ Ł РУС

У Мінску перайменавалі амаль паўсотні прыпынкаў — некаторыя ў абыход закона

25.10.2025 / 21:49

Ф. Раўбіч

Сталічныя чыноўнікі вырашылі насуперак дзеючаму закону змяняць рускія варыянты назваў на больш «правільныя».

Прыпынак у Мінску. Ілюстрацыйнае фота. Фота: Tochka.by

Адпаведнае рашэнне Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта было апублікавана на партале pravo.by.

Мінгарвыканкам вырашыў прысвоіць назвы 42 прыпынкам грамадскага транспарту, у тым ліку імёны Віктара Турава, Аркадзя Смоліча, Станіслава Манюшкі — супраць якіх беспаспяхова змагаліся «бондараўцы», — а таксама перайменаваць яшчэ 46 існуючых прыпынкаў.

Большасць перайменаванняў фіксуе змены, што адбыліся ў гарадскім асяроддзі за апошні час. Так, прыпынак «Дом кіно» стаў прыпынкам «Дом моладзі», а прыпынак «Аўтавакзал Усходні» перайменаваны ў «Цэнтр тэхнічнай творчасці».

Аднак значная частка змен у назвах прыпынкаў звязаная з іх русіфікацыяй, што супярэчыць Закону «Аб найменні геаграфічных аб’ектаў».

Паводле гэтага закона, у Беларусі найменні геаграфічным аб'ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову. Рашэннем жа Мінгарвыканкама шэраг назваў, якія былі згодна з законам транслітараваныя, цяпер перакладзены даслоўна на рускую мову.

Так ужо згаданы прыпынак «Цэнтр тэхнічнай творчасці» быў даслоўна перакладзены як «Центр технического творчества», а «Дом моладзі» — як «Дом молодёжи».

«Парк 60‑годдзя Вялікага Кастрычніка» замест транслітарацыі — «Парк 60‑летия Великого Костричника», якая мусіла быць паводле закона, быў перакладзены як «Парк 60‑летия Великого Октября».

«Гандлёвы цэнтр «Ждановічы» («Гандлёвый центр «Ждановичи») перайменавалі толькі ў рускім варыянце: «Торговый центр «Ждановичи». Гэтак жа «Чирвоная» на праспекце Машэрава атрымала назву «Красная», «Весёлкавая» — «Радужная», «50 лет Перамоги» — «50 лет Победы», «Чигуночная станция «Озерище» — «Железнодорожная станция «Озерище», «Могилки «Лесные» — «Кладбище «Лесное», «Переулок Промысловый» — «Переулок Промышленный». 

Гэтыя змены могуць здавацца лагічнымі, але яны не адпавядаюць дзеючаму заканадаўству. Адпаведнае палажэнне было ўнесена ў закон не выпадкова — яго мэта палягае ў тым, каб вырашыць блытаніну з геаграфічнымі назвамі, што ўзнікла ў савецкі час праз выкарыстанне розных моў для найменняў, і не даць узнікнуць новай. 

Гэта норма павінна была стрымаць чыноўнікаў ад надання аб’ектам бессэнсоўных і ідэалагічных назваў і заахвоціць выкарыстанне гістарычных геаграфічных назваў і імёнаў славутых дзеячаў, з якімі такіх казусаў бы не адбылося.

Аднак мясцовыя ўлады з зайздроснай упартасцю працягваюць ствараць «вуліцы Будаўнікоў», якія, згодна з законам, у рускай мове ператвараюцца ў «улицу Будавников». А цяпер, відаць, вырашылі ўвогуле ігнараваць закон. 

Чытайце таксама:

У Мінску ўсё ж назвалі прыпынкі ў гонар «паляка-рэваншыста» і «русафоба», супраць якіх марна ваявала Бондарава

Каментары да артыкула