У Англіі па памылцы вызвалілі гвалтаўніка 14‑гадовай дзяўчынкі
У Вялікабрытаніі па памылцы вызвалілі прасіцеля прытулку з Эфіопіі, які здзейсніў сэксуалізаваны гвалт у дачыненні да жанчыны і 14‑гадовай дзяўчынкі і з-за якога ў ліпені прайшлі антымігранцкія мітынгі.
Затрыманне Хадуша Герберсласіе Кебату у ліпені 2025 года. Скрыншот відэа выдання The Independent
Паліцыя Лондана шукае прасіцеля прытулку Хадуша Кебату, які быў асуджаны за сэксуалізаваны гвалт у дачыненні да 14‑гадовай дзяўчынкі і дарослай жанчыны, а раніцай у пятніцу, 24 кастрычніка, памылкова адпушчаны са следчага ізалятара горада Чэлмсфард. Адпаведная заява апублікавана на сайце службы, піша выданне Deutsche Welle.
Лонданская паліцыя ўзяла вышук на сябе, паколькі пасля вызвалення Кебату, паводле звестак праваахоўнікаў, на цягніку накіраваўся ў сталіцу. Паліцыянты адзначаюць, што зараз пошук злачынца — прыярытэт у іх працы.
Тое, што Кебату вырваўся на волю, выклікала шырокі рэзананс у краіне, інцыдэнт пракаментаваў прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Кір Стармер.
«Памылковае вызваленне з турмы Чэлмсфард цалкам непрымальнае. Я абураны тым, што гэта адбылося, вядзецца расследаванне. Паліцыя ў тэрміновым парадку займаецца яго вышукам, і мой урад падтрымлівае гэта. Гэты чалавек павінен быць злоўлены і дэпартаваны за свае злачынствы», — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацсетцы X.
Якія злачынствы здзейсніў Кебату
Кебату — этнічны эфіопец, ён прыбыў у Вялікабрытанію на лодцы. Сам ён указваў, што нарадзіўся ў снежні 1986 года (гэта значыць зараз яму 38 гадоў), але ў дакументах суда пазначана, што яму 41 год.
Кебату падаў прашэнне на атрыманне прытулку і з моманту прыбыцця ў краіну, як і многія іншыя просьбіты, якім не хапіла месца ў спеццэнтрах, быў размешчаны ў гатэлі. Мужчыну выдзелілі нумар у трохзоркавым гатэлі The Bell у горадзе Эпінг.
8 ліпеня Кебату затрымалі па падазрэнні ў здзейсненым у той жа дзень гвалце над падлеткам, гэта стала падставай для масавых мітынгаў у The Bell. Пратэстоўцы патрабавалі адмовіцца ад практыкі размяшчэння просьбітаў прытулку ў гатэлях і іх дэпартацыі. Разгон мітынгу суправаджаўся сутычкамі з паліцыяй, частку пратэстоўцаў затрымалі.
А 23 верасня суд Чэлмсфарда прыгаварыў Кебату да 12 месяцаў пазбаўлення волі за ўчыненне сэксуалізаванага гвалту ў дачыненні да 14‑гадовай дзяўчынкі і дарослай жанчыны. Першую ён сустрэў, калі тая сядзела на лаўцы, ён спрабаваў пацалаваць і рабіў ёй мноства каментароў з сэксуальным падтэкстам.
На наступны дзень Кебату зноў убачыў гэтую дзяўчынку, зноў паспрабаваў яе пацалаваць, а затым здзейсніў сэксуалізаваны гвалт. Ці было гэта згвалтаваннем, не ўдакладняецца. Акрамя таго, раней сэксуалізаваны гвалт ён здзейсніў у дачыненні да жанчыны, якая прапанавала яму дапамогу ў складанні рэзюмэ для пошуку працы.
Памылка паліцыі
Суд, які вынес Кебату прысуд, залічыў у тэрмін пакарання час, які ён правёў у СІЗА. Яшчэ ён пастанавіў, што прасіцель прытулку «цвёрда жадае» быць дэпартаваным.
«Вы таксама будзеце выпушчаны з турмы па праграме датэрміновага вызвалення. Самую раннюю дату вашага вызвалення разлічаць, пасля чаго паведамяць вам», — заявіў суддзя пры абвяшчэнні прыгавору.
24 кастрычніка, праз месяц пасля пастановы суда, Кебату выпусцілі з-пад варты і перадалі паліцыянтам для транспартавання ў дэпартацыйны цэнтр. Але ў дарозе мужчына па невядомых прычынах знік.
З сакавіка 2024 па сакавік 2025 года ў Вялікабрытаніі памылкова адпусцілі з-пад варты 262 асуджаныя, паведамляе Sky News са спасылкай на ўрадавыя даныя. Колькасць такіх інцыдэнтаў вырасла на 128 працэнтаў у параўнанні з паказчыкамі папярэдняга года (115). Удакладняецца, што 233 злачынцаў памылкова выпусцілі з турмаў, яшчэ 29 чалавек — з залы суда.