Спецпасланнік Папы Клаўдыа Гуджэроці бярэ ўдзел ва ўрачыстасцях у Пінскай епархіі
Спецыяльны пасланнік Папы Рымскага Льва XIV — прэфект Дыкастэрыі па справах Усходніх цэркваў у Ватыкане кардынал Клаўдыа Гуджэроці прыбыў у Пінск на ўрачыстасці з нагоды святкавання 100‑годдзя Пінскай епархіі, паведамляе БелТА.
Юбілейныя мерапрыемствы сёння праходзяць у Пінску. Пачаліся яны ў кафедральным касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі з малітвы парафіянаў нябеснаму апекуну Пінскай епархіі святому Андрэю Баболі і ўнясення рэлікварыя з часціцай яго мошчаў.
Вернікі паводле беларускай традыцыі з хлебам-соллю сустрэлі спецыяльнага пасланніка пантыфіка. Падчас святой імшы кардынал Клаўдыа Гуджэроці ўзначаліць літургію. Урачыстасці працягнуцца 26 кастрычніка ў Брэсце.
Клаўдыа Гуджэроці добра вядомы беларускім вернікам, бо з 2011 па 2015 год быў апостальскім нунцыем у нашай краіне.
У верасні 2012 года Клаўдыа Гуджэроці зрабіў візіт у турмы, дзе ўтрымліваліся беларускія палітычныя зняволеныя.
Ён тады наведаў некалькі пенітэнцыярных устаноў, дзе асабіста перадаў вітанні і духоўную падтрымку палітвязням ад Папы Бенедыкта XVI. Сярод іх былі, напрыклад, Алесь Бяляцкі, Зміцер Дашкевіч, Павел Севярынец.
Таксама Клаўдыа Гуджэроці спрычыніўся да вяртання ў краіну Тадэвуша Кандрусевіча, якога ўлады ў 2020 годзе не пускалі назад.
Нунцый Гуджэроці неаднаразова маліўся на Дзяды ў Курапатах, а калі быў нунцыем у Вялікабрытаніі, перыядычна наведваў Беларускую бібліятэку імя Скарыны ў Лондане.