Міністр замежных спраў Літвы: Калі змена формы аховы перашкаджае дзейнасці Ціханоўскай — трэба пра гэта гаварыць
Кястуціс Будрыс заклікае офіс Святланы Ціханоўскай звярнуцца ў кампетэнтныя органы, калі змена статусу аховы перашкаджае ажыццяўленню яе дзейнасці.
Так міністр адрэагаваў на навіну аб адмене візіту Святланы Ціханоўскай у Арменію пасля адмовы ў ахове, паведамляе Delfi.lt.
«Я не бяруся судзіць, што ў іх дзейнасці важна, што больш важна і куды ім трэба ехаць. Гэта іх самастойная дзейнасць. (…) Сам перагляд аховы не быў палітычным рашэннем аб зніжэнні ўзроўню, гэта змяненне формы. Калі гэта змяненне формы перашкаджае дзейнасці, трэба пра гэта казаць», — сказаў Будрыс журналістам у МЗС.
«Аднак гэтае пытанне не звязана з знешняй палітыкай Літвы», — падкрэсліў ён.
«Дзе Офіс хоча ажыццяўляць сваю дзейнасць — яны вольныя вырашаць. Але дзе б ён ні знаходзіўся, мы абавязкова будзем супрацоўнічаць, бо ў нас шмат агульных тэм», — падкрэсліў Кястуціс Будрыс.
Партал 15min у пятніцу паведаміў, што пасля таго, як Літва адхіліла запыт аб прызначэнні афіцыйнай асобы для суправаджэння Святланы Ціханоўскай падчас яе візіту ў Арменію, паездку палітыка прыйшлося адмяніць. Між тым, у МЗС запэўнілі, што літоўская дыпмісія ў Арменіі гатова аказаць усю неабходную падтрымку на час візіту.
Ціханоўская павінна была адправіцца ў Арменію для ўдзелу ў мерапрыемстве Euronest. Гэта адна з асноўных пляцовак для супрацоўніцтва паміж дэпутатамі Еўрапейскага парламента і парламентарыямі краін Усходняга партнёрства: Украіны, Малдовы, Грузіі, Арменіі і Азербайджана.
Нагадаем, што Літва прыняла рашэнне аб скарачэнні фізічнай аховы лідара беларускай апазіцыі. Яе ахова перадаецца са Службы бяспекі першых асоб дзяржавы ў Бюро крымінальнай паліцыі. Гэта рашэнне ўступіла ў сілу з 1 кастрычніка.