На Камароўскім рынку прадаюць грыбы па 450 рублёў. За што такая цана?
У Мінску яшчэ можна набыць грыбы — напрыклад, на Камароўскім рынку прадаюць і сушаныя, і салёныя, і свежыя. Аднак цана на некаторыя віды грыбоў даходзіць да 450 рублёў.
Тут і далей: грыбы на Камароўскім рынку. Фота: «Точка»
Журналісты выдання «Точка» пабачылі на прылаўках Камароўскага рынку сушаныя грыбы па 450 рублёў. Адметна, што яны прайшлі праз спецыяльны кантроль і радыеактыўных рэчываў у іх выяўлена не было. Але ў лабараторыю іх здавалі яшчэ 4 снежня 2024 года.
Прадавачка патлумачыла, што сушаныя грыбы па памеры ў 10 разоў меншыя за свежыя, таму іх і прапануюць купляць па такой цане.
Іншыя прадаўцы таксама выстаўляюць сушаныя грыбы за прыблізна такую ж цану: 350‑400 рублёў за кілаграм.
«Точка» удакладніла, што ў пачатку кастрычніка такія сушаныя белыя грыбы каштавалі 300‑350 рублёў за кілаграм, а цяпер — на 100 рублёў даражэй.
Тым часам свежыя махавікі і польскія баравікі каштуюць па 15 рублёў за кілаграм, падзялёнкі і зялёнкі — па 20. Але таксама ёсць зялёнкі па 5 рублёў за літр.
Белыя грыбы каштуюць 70—120 рублёў за кілаграм. Звычайныя шампіньёны прадаюцца за 9, 5‑12 рублёў.
Салёныя апенькі і чорныя грузды каштуюць па 60 рублёў, масляты — па 70, грузды і рыжыкі — па 100, баравікі — па 120.