Перастаў адкрывацца сайт з імёнамі і адрасамі сілавікоў, задзейнічаных ў рэпрэсіях
Праект Blackmap.org ствараўся дзякуючы злівам «Кіберпартызан» і выкарыстоўваўся для таго, каб ідэнтыфікаваць людзей, вінаватых у рэпрэсіях. Аднак цяпер ён не працуе — «Люстэрка» даведалася чаму.
Ілюстрацыйны здымак: МУС
У апісанні праекта гаварылася, што яго мэта — «ідэнтыфікаваць і пакараць усіх вінаватых у рэпрэсіях над свабоднымі грамадзянамі Беларусі». Стваральнікі сайта Blackmap.org адзначалі, што ён «не дазволіць ніводнаму вінаватаму сысці ад адказнасці і пакарання, усе будуць устаноўленыя, знойдзеныя і адданыя законнаму суду новай Беларусі».
Таксама на карце былі дадзеныя тых, хто тэлефанаваў у міліцыю з скаргамі і даносамі на ўдзельнікаў пратэстаў ці пакідаў электронныя звароты ў КДБ.
«Чорная карта» у 2024 годзе. Скрыншот: Blackmap Belarus, Telegram
Акрамя таго, на «чорнай карце» пазначылі байцоў «ПВК Вагнера» і беларусаў, якія ваююць ва Украіне ў складзе расійскай арміі, імёны якіх сталі вядомыя дзякуючы ініцыятыве «Хачу жыць».
Аднак цяпер рэсурс не адчыняецца. Даныя новай уцечкі «Кіберпартызаны» дадалі толькі ў тэлеграм-бот «Вока Змагара», але не на сайт.
«Працуем і ў агляднай будучыні працаздольнасць рэсурсу (ці, можа, нават усяго праекта) адновім. Патрэбны час», — перадала словы стваральніка праекта прадстаўніца «Кіберпартызан» Юльяна Шэметавец.
Па яе словах, прычына прыпынення працы сайта — недахоп фінансавых рэсурсаў. Ініцыятыва ацэньвае гадавыя патрэбы праекта так: 20 тысяч даляраў ЗША, каб «выжыць», 100 тысяч — каб «жыць і развівацца».
«20 тысяч — гэта проста сервер (софт плюс ліцэнзіі розныя) плюс сісадмін (на 0,25−0,5 стаўкі). Для жыцця і развіцця трэба яшчэ мець абсталяванне і людзей, якія б апрацоўвалі запыты (прыбраць/дадаць), іх вельмі шмат прыходзіць, плюс пошук, апрацоўка і аналіз звестак, плюс забеспячэнне поўнага цыклу бяспекі сайта», — патлумачыла журналістам «Люстэрка» Шэметавец.