БЕЛ Ł РУС

Выйшаў на свабоду дырэктар газеты «Беларусы і рынак» Канстанцін Залатых

23.10.2025 / 19:26

Nashaniva.com

Дырэктару газеты «Беларусы і рынак» прысудзілі 4 гады калоніі па некалькіх палітычных артыкулах. Ён адбыў пакаранне цалкам.

Канстанцін Залатых

Канстанціна Залатых арыштавалі 18 мая 2022 года.

6 красавіка 2023 яму прысудзілі 4 гады калоніі па абвінавачванні ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), абразе Лукашэнкі (арт. 368 КК), распальванні варожасці (арт. 130 КК) і перавышэнні ўлады ці службовых паўнамоцтваў (арт. 426 КК).

Прэс-служба Генпракуратуры пісала аб некаторых дэталях абвінавачвання. Па іх версіі, Канстанцін Залатых ведаў аб унесеных у закон аб СМІ зменах, якія перашкаджалі двум грамадзянам Польшчы валодаць сумарна 28% акцый таварыства.

Таму ён, без правядзення агульнага сходу акцыянераў, самастойна ўнёс змены ў статут ЗАТ аб выключэнні са складу заснавальнікаў замежных грамадзян і зарэгістраваў яго ў Галоўным упраўленні юстыцыі Мінскага гарвыканкама, пісала «Медыязона». А пасля прадставіў яго разам з іншымі дакументамі ў Міністэрства інфармацыі. Гэта стала падставай для таго, каб ЗАТ працягнула функцыянаваць, а Залатых — працягваў з'яўляцца яго дырэктарам.

Па версіі пракуратуры, гэта парушыла правы акцыянераў і нашкодзіла дзяржаўным і грамадскім інтарэсам.

Суд па справе Залатых праходзіў у закрытым рэжыме.

13 ліпеня 2023 года КГБ дадаў журналіста ў «тэрарыстычны спіс». 21 ліпеня 2023 года МУС унесла яго ў «спіс экстрэмістаў».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула