«Гэта жах». Кіраўнік Століна выказаўся пра раённую бальніцу, але схамянуўся і ўсё выдаліў
Кіраўнік Столінскага рэгіёна Аляксандр Пачко наведаў педыятрычнае аддзяленне мясцовай бальніцы і сказаў, што яно знаходзіцца ў жахлівым стане. Прэс-служба чыноўніка апублікавала яго каментарый пра гэта, але неўзабаве выдаліла, заўважыла «Люстэрка».
Аляксандр Пачко ў столінскай бальніцы. Фота: Столінскі раён / Telegram
Педыятрыю Столінскай бальніцы Пачко наведаў 20 кастрычніка.
«Гэта — жах. Для дзяцей — гэта не ўмовы», — працытавала ягоная прэс-служба.
Першы пост пра візіт кіраўніка рэгіёна ў педыятрычнае аддзяленне з'явіўся ў тэлеграм-канале райвыканкама ў 21:13.
Адміністратары канала таксама напісалі, што «агульная адзнака ад кіраўніка рэгіёну па стане аддзялення — 4 па 10‑бальнай сістэме».
Аляксандр Пачко паабяцаў, што ў бліжэйшы час спецыялізаванымі арганізацыямі будзе распрацавана дакументацыя для правядзення рамонтных работ бальнічных палат.
Ужо ў 22:04 паведамленне выдалілі.
Выдаленае паведамленне з цытатай Пачкі
Праз пяць хвілін пасля выдалення прэс-служба Пачко апублікавала не такі рэзкі пост. Там ні слова не было пра жудасны стан установы, а таксама пра тое, што «для дзяцей — гэта не ўмовы».
«Старшыня Столінскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Пачко паведаміў, што педыятрычнае аддзяленне чакае рэнавацыя. У бліжэйшы час спецыялізаванымі арганізацыямі будзе распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя для правядзення рамонтных работ бальнічных палат. Рэнавацыя педыятрычнага аддзялення пачнецца з рамонту даху. Пытанне функцыянавання педыятрычнага аддзялення пастаўлена на асабісты кантроль», — так гучыць абноўленая версія паста.