БЕЛ Ł РУС

Польшча перадала былую палітзняволеную Наталлю Падлеўскую ў Літву

23.10.2025 / 15:17

Nashaniva.com

Удзень 23 кастрычніка Польшча перадала былую палітзняволеную, 60‑гадовую Наталлю Падлеўскую літоўскаму боку паводле Дублінскага пагаднення.

Фота: belaruswomen.org

Гэтую інфармацыю «Белсату» пацвердзілі юрыстка Ганна Маціеўская, дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытанняў Лявон Марозаў і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Да Наталлі Падлеўскай, якая ў Польшчы жыла пад Уроцлавам, увечары 22 кастрычніка прыйшлі прадстаўнікі памежнай аховы і заявілі, што яны мусяць выканаць рашэнне паводле Дублінскага рэгламенту і выслаць жанчыну ў Літву. Беларусцы нават не далі дастаткова часу, каб сабрацца, і даставілі ў Познаньскі аэрапорт, распавяла «Белсату» юрыстка Ганна Маціеўская.

Удзень 23 кастрычніка польскія памежнікі перадалі Наталлю літоўскаму боку.

Лявон Марозаў атрымаў інфармацыю пра кейс Падлеўскай увечары 22 кастрычніка ад юрысткі Ганны Маціеўскай. 

«Мы адразу ўключыліся ў працу па гэтым пытанні. Адразу пасля атрымання інфармацыі юрыдычная каманда Офісу Святланы Ціханоўскай падрыхтавала афіцыйны ліст ад майго імя, які быў накіраваны ў некалькі інстытуцыяў, і між іншым, намесніку галоўнага каменданта Памежнай службы Польшчы. У лісце мы падрабязна апісалі палітычныя пераследы, якім падвяргалася Наталля ў Беларусі, і ейны стан здароўя. Мы падкрэслілі неабходнасць даць ёй магчымасць працягнуць разгляд заявы аб міжнароднай абароне ў Польшчы. Таксама звярнулі ўвагу на працэсуальныя парушэнні і на тое, што суд яшчэ не разглядаў хадайніцтва Наталлі пра прыпыненне выканання рашэння», — распавёў Лявон Марозаў.

Дарадца Ціханоўскай падкрэсліў, што Наталлю не дэпартавалі, а перадалі Літве паводле Дублінскага рэгламенту, які азначае, што асоба можа быць накіраваная ў краіну Еўрасаюза, адказную за разгляд яе заявы на міжнародную абарону. Наталля ўехала ў Польшчу па літоўскай візе, таму Польшча мае права перадаць разгляд заявы аб міжнароднай абароне ў Літву.

«У выпадку спадарыні Наталлі Падлеўскай гаворка ідзе пра асобу, якая перажыла палітычны пераслед і была зняволеная ў Беларусі. На колькі мне вядома, яна мае праблемы са здароўем. Да таго ж яе сям’я жыве ў Польшчы, і суд яшчэ не вынес рашэння па яе справе. Мы заклікаем польскія ўлады ўлічыць гуманітарныя акалічнасці і забяспечыць, каб рашэнні прымаліся з павагай да прынцыпаў правоў чалавека, гуманізму і права на сямейнае жыццё», — кажа Марозаў.

Дарадца беларускай лідаркі запэўніў, што як у Польшчы, так і ў Літве Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінет, фонд «Краіна для жыцця» гатовыя аказаць Наталлі Падлеўскай усю магчымую дапамогу і падтрымку.

Наталля Падлеўская жыла ў Польшчы з верасня 2024 года. Як толькі яна прыехала ў гэтую краіну, адразу падалася на міжнародную абарону. У дачыненні да жанчыны, аднак, быў выкарыстаны Дублінскі рэгламент, які дазваляе краіне перадаць прасіцеля прытулку ў краіну, якая выдала візу. У Наталлі была літоўская віза.

Наталля пайшла ў суд, каб абскардзіць «дублінскае рашэнне», аднак першы пазоў суд адхіліў, бо «не спадабалася адна фармулёўка». Беларуска на наступны ж дзень адправіла ў суд новы ліст з выпраўленай фармулёўкай. Жанчына прасіла прыпыніць выкананне рашэння аб дэпартацыі і разгледзець ейную заяву да 17 кастрычніка. Але разгляд зацягнуўся. Паседжанне прызначылі толькі на 24 кастрычніка.

23 кастрычніка ў судзе была юрыстка ініцыятывы «Партызанка», якая займаецца гэтым кейсам, аднак суд адмовіўся выдаць рашэнне раней.

«10 кастрычніка Наталля падала заяву аб прыпыненні выканання рашэння па Дублінскім рэгламенце, але суд не разгледзеў зварот за 12 дзён. Таму 22 кастрычніка Наталлю затрымала памежная ахова для перадачы ў Літву, за дзень да паседжання. Мы сёння ездзілі ў суд, прасілі экстранна разгледзець ейную заяву, каб яе не перадавалі ў Літву, але, на жаль, суддзя не захацела нічога сёння рабіць і прапанавала тэрмін на заўтра. Але гэта ўжо позна», — распавяла юрыстка «Партызанкі».

Сястра былой палітзняволенай распавяла нам, як выглядала затрыманне памежнай аховай, а таксама, што дагэтуль не можа звязацца з Наталляй:

«Я пыталася ў памежнікаў, чаму Наталля не адказвае на мае тэлефанаванні, мне сказалі, што ёй загадалі пакласці тэлефон у сумку, і пакуль забаранілі адказваць і тэлефанаваць. Калі яны прыйшлі, яна паспела ўзяць у заплечнік толькі лекі, і яе забралі. У Літве ў нас нікога няма, хто мог бы яе прыняць».

Наталля Падлеўская была затрыманая 3 лістапада 2021 года. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 Крымінальнага кодэксу Беларусі) і ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) ды асудзілі да аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў памеры 100 базавых велічыняў.

4 ліпеня 2022 года Наталля выйшла на волю праз заканчэнне тэрміну.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула