Гросмайстар Нарадзіцкі, які раптоўна памёр у 29 гадоў, перад смерцю цяжка перажываў абвінавачанні з боку Крамніка
Міжнародная шахматная федэрацыя (ФІДЭ) заявіла, што вывучае публічныя абвінавачанні, якія былы чэмпіён свету Уладзімір Крамнік выказваў супраць амерыканскай шахматнай зоркі Даніэла Нарадзіцкага напярэдадні яго смерці, паведамляе Бі-бі-сі — Украіна.
Даніэль Нарадзіцкі
50‑гадовы Крамнік на працягу года абвінавачваў Нарадзіцкага ў несумленнай гульні. Напярэдадні смерці Нарадзіцкі прызнаўся, што цяжка перажывае гэтыя абвінавачанні. Многія вядомыя шахматысты асудзілі паводзіны Крамніка і патрабуюць яго пакараць.
Крамнік, які абвінавачвае многіх шахматыстаў у несумленнай анлайн-гульні, упершыню намякнуў на «чыцерства» Нарадзіцкага яшчэ мінулага года. На працягу года ён рэгулярна публікаваў пасты пра амерыканскага гросмайстра і патрабаваў расследавання.
Крамнік дэманстраваў відэазапісы анлайн-гульняў Нарадзіцкага, сцвярджаючы, што той падглядваў на іншы экран, на якім хады разлічвала камп’ютарная праграма.
Нарадзіцкі рашуча адкідаў гэтыя абвінавачанні. 29‑гадовага шахматыста і папулярнага стрымера таксама ніколі не абвінавачвалі ў несумленнай гульні іншыя гульцы.
Крамнік сказаў Reuters, што не хоча каментаваць заяву гендырэктара ФІДЭ Эміля Сутоўскага, дадаўшы, што хацеў бы «расказаць усю гісторыю цалкам».
«Няма сумневаў, што гэтую трагедыю павінна расследаваць паліцыя. Занадта шмат фінансавых інтарэсаў замешана, каб быць упэўненым, што гэта проста выпадковасць. Я гатовы прадставіць усю неабходную інфармацыю», — напісаў расійскі гросмайстар у сваім акаўнце Х. У сацыяльнай сетцы X Крамнік заявіў, што мае намер падаць у суд на «ўсіх, хто ілжыва абвінавачвае» яго.
Ён назваў смерць Нарадзіцкага «трагедыяй», якую, на яго думку, павінны расследаваць праваахоўныя органы, і падкрэсліў, што «гатовы перадаць усю неабходную інфармацыю».
Даніэля Нарадзіцкага знайшлі непрытомным у яго доме 19 кастрычніка, за дзень да таго, як пра яго смерць абвясцілі публічна.
Нарадзіцкі паходзіў з сям’і яўрэйскіх імігрантаў з СССР. Яго бацька, Уладзімір, пераехаў у ЗША з Украіны, а маці Алена — з Азербайджана.
Клуб Нарадзіцкага, Шарлоцкі шахматны цэнтр, заявіў пра «раптоўную» смерць шахматнай зоркі 20 кастрычніка, апублікаваўшы заяву яго сям’і ў сацсетцы X. Падчас стрыму на шахматнай платформе Twitch, які стаў для яго апошнім, Даніэль Нарадзіцкі прызнаўся, што канфлікт сур’ёзна паўплываў на яго псіхалагічны стан.
На відэа, якое з таго часу выдалілі з сеткі, ён выглядаў глыбока засмучаным, зноў і зноў абмяркоўваў абвінавачанні Крамніка і некалькі разоў засынаў, паведамляла выданне El Pais.
Пасля абвяшчэння пра смерць Нарадзіцкага Крамнік напісаў у сетцы X «Не ўжывайце наркотыкаў», узгадаўшы таксама «дзіўны нядаўні стрым» амерыканскай зоркі.
Халодная рэакцыя Крамніка выклікала гнеў у шахматнай супольнасці.
З крытыкай на яго адрас выступілі некалькі аўтарытэтных прадстаўнікоў шахматнага свету, у тым ліку амерыканец Хікару Накамура, які займае другое месца ў сусветным шахматным рэйтынгу, экс-чэмпіён свету Магнус Карлсэн і індыйскі гросмайстар Ніхал Сарын.
У сваім стрыме Карлсэн заявіў, што адносіны Крамніка з Нарадзіцкім былі «жахлівымі».
Сарын напісаў у сетцы X, што Крамнік «павінен адказаць за тое, што ён робіць», дадаўшы, што Нарадзіцкі знаходзіўся пад «вялізным ціскам» праз абвінавачанні экс-чэмпіёна свету. «Бясконцыя, неабгрунтаваныя абвінавачанні і публічныя дапытванні, з якімі ён сутыкаўся апошнія месяцы, аказвалі на яго велізарны ціск і прычынялі яму боль», — напісаў Сарын.
«Калі пачаліся гэтыя нападкі, Дэніэл перастаў усміхацца. Мы ўсё гэта бачылі. Шахматны свет страціў адну са сваіх найярчэйшых зорак — чалавека, які зрабіў нашу гульню даступнай для мільёнаў», — дадаў Сарын.
Чэмпіёнка Вялікабрытаніі па шахматах Ёванка Гоўска падтрымала рашэнне ФІДЭ пачаць расследаванне.
«Нельга дазваляць людзям проста так абвінавачваць іншых у махлярстве і не несці за гэта ніякай адказнасці. Гэта не павінна ператварацца ў суд сацыяльных сетак, як гэта ўжо здаралася», — сказала яна ў інтэрв’ю ВВС.
А канадская шахматыстка і стрымерка Нэма Чжоу назвала тое, што адбываецца, «непрымальным» і заклікала ФІДЭ ўмяшацца.
Чжоу заклікала выключыць Уладзіміра Крамніка з афіцыйных рэестраў ФІДЭ і прызнаць несапраўдным яго званне чэмпіёна свету.
Федэрацыя выказала спачуванне сям’і Нарадзіцкага, заявіўшы, што ўзнагародзіць яго спецыяльнай прэміяй.
«Мы глыбока занепакоены тым, як Крамнік выказвае свае погляды — гэта наносіць сур’ёзную шкоду шахматнай супольнасці, — гаворыцца ў заяве на сайце арганізацыі. — Спадар Крамнік павінен разумець, што гаворка ідзе не проста пра яго меркаванне, а пра сфармаваную пазіцыю, якая, улічваючы, што ён экс-чэмпіён свету, можа знішчыць кар’еру і дабрабыт асобных гульцоў».
Уладзімір Крамнік. Фота: Wikimedia Commons
Расіянін Уладзімір Крамнік стаў чэмпіёнам свету ў 2000 годзе, пасунуўшы на шахматным п’едэстале Гары Каспарава. Ён захоўваў гэты тытул з 2000 па 2007 год.
У апошнія гады ён не раз ставіў пад сумнеў сумленнасць іншых гульцоў. Але сам настойваў, што нікога не абвінавачвае і што проста прыводзіць факты, напрыклад, прыкметнае павышэнне ў рэйтынгу. Ён заяўляў, што хоча ачысціць шахматную гульню ад махляроў, але многія людзі адзначалі, што ён часта абвінавачвае бяздоказна.
ФІДЭ заклікала Крамніка адклікаць судовы пазоў супраць чэшскага гросмайстра Давіда Навары. Крамнік абвінаваціў Навару ў паклёпе ў чэрвені 2025 года пасля таго, як чэшскі шахматыст апублікаваў адкрыты ліст, які апісвае, як абвінавачанні расіяніна ў несумленнай гульні паўплывалі на яго псіхалагічнае здароўе.
Дэніэл Нарадзіцкі
Дэніэл Нарадзіцкі, чэмпіён свету сярод юніёраў да 12 гадоў і сын яўрэйскіх імігрантаў з СССР, заняў дзявятае месца на мінулым чэмпіянаце свету па бліцу.
Ён быў вядомым шахматным стрымерам і блогерам, вядучым папулярнага YouTube-канала, дзе публікаваў навучальныя відэа і вёў жывыя трансляцыі партый з супернікамі, якія натхнялі сотні тысяч людзей ва ўсім свеце.
Яго канал на YouTube мае амаль паўмільёна падпісчыкаў, а акаўнт у Twitch — 340 тысяч фаловераў.
Прыхільнікі цанілі яго глыбокае разуменне гульні і захапленне ёю, а ФІДЭ пасля яго смерці заявіла, што ён адыграў важную ролю ў папулярызацыі шахмат у інтэрнэце.