БЕЛ Ł РУС

«Яшчэ адна дыверсія ў Еўропе на нафтаперапрацоўчым заводзе». Для чаго гэты новы фэйк прапаганды?

23.10.2025 / 13:38

Nashaniva.com

Увечары 22 кастрычніка расійскія і лукашэнкаўскія СМІ апублікавалі інфармацыю пра пажар на НПЗ у Славакіі. Для чаго?

Фота: ejdailyru / Telegram

«У Браціславе гарыць нафтаперапрацоўчы завод, які належыць венгерскай MOL і перапрацоўвае расійскую нафту, якая паступае па нафтаправодзе «Дружба». Прычыны інцыдэнту высвятляюцца», — такая навіна абляцела ўчора ўвечары ўсе расійскія і лукашэнкаўскія СМІ і з'явілася ў сацыяльных сетках.

Не абышоў яе ўвагай і канал «Белорусскій сіловік», які звязваюць з лукашэнкаўскімі сілавымі структурамі.

«Нонсэнс: яшчэ адна дыверсія ў Еўропе на нафтаперапрацоўчым заводзе, на гэты раз у сталіцы Славакіі горадзе Браціславе», — напісалі рэдактары канала і суправадзілі інфармацыю здымкам.

Аднак нашы спробы знайсці гэтую інфармацыю ў славацкіх СМІ не далі выніку.

Асобныя расійскія СМІ далі спасылку на інтэрнэт-выданне Cznews.info, якое зусім не падобнае да сур'ёзнага рэсурсу. Так, у раздзеле навін сайта відаць, што да 22 кастрычніка апошні раз матэрыялы там публікаваліся 11 верасня і 27 ліпеня. Пры гэтым навіны выходзяць як на рускай, так і на англійскай мовах.

Сёння навіну на Cznews.inf падкарэктавалі, дадаўшы радок: «Гэтая інфармацыя не была пацверджаная афіцыйнымі крыніцамі. Прыносім прабачэнні за нязручнасці».

У той час як асобныя расійскія СМІ, напрыклад, РБК, паведамілі, што «Нафтакамбінат Slovnaft абверг інфармацыю аб пажары на заводзе ў Славакіі», ані «Белорусскій сіловік», ані іншыя аналагічныя каналы не палічылі патрэбным размясціць абвяржэнне.

Для чаго патрэбны такога роду ўкід? Магчыма, для апрацоўкі грамадскай думкі: глядзіце, не толькі ў Расіі нафтаперапрацоўчыя заводы гараць. І глядзіце, якія ўкраінцы: нават у Еўропе дыверсіі арганізоўваюць. 

Чытайце таксама:

У Еўропе ў адзін дзень загарэліся два НПЗ, якія атрымліваюць расійскую нафту

Канал «Белорусскій сіловік» настолькі прарасійскі, што многія меркавалі: гэта расіяне яго вядуць. Не, за ім стаіць суперагент Лукашэнкі

Канал «Белорусский силовик» засыпаны рэкламай вярбоўкі на вайну ва Украіне

Каментары да артыкула