БЕЛ Ł РУС

За 12 гадоў колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы вырасла ў чатыры разы, у Расіі скарацілася ўтрая

23.10.2025 / 9:37

Nashaniva.com

Беларуская рэдакцыя Польскага радыё паразмаўляла з дарадцам Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Паўлам Церашковічам. У размове была закранутая і ацэнка колькасці беларускіх студэнтаў за мяжой.

Ілюстрацыйнае фота 

За 12 гадоў колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы вырасла ў чатыры разы, у Расіі скарацілася ўтрая.

На думку Паўла Церашковіча, Расія страчвае прывабнасць, нягледзячы на 1300 стыпендый у год для беларускіх студэнтаў.

«Пік колькасці беларускіх студэнтаў у Расіі прыходзіцца на 2012 год — там навучалася 32 тысячы беларускіх студэнтаў, або 77% ад усіх беларусаў, якія навучаліся ў той час за мяжой. У 2023 годзе ўжо было 9 369 беларускіх студэнтаў у Расіі»,

— кажа Павел Церашковіч.

У Польшчы, наадварот, колькасць беларускіх студэнтаў расце. У 2012 годзе ў Польшчы навучаўся 2 991 беларус, а на 2023 год ЮНЭСКА дае 11 146 беларускіх студэнтаў у Польшчы, летась было 12 тысяч. 

У Германіі зараз навучаецца 1500 студэнтаў (у 2023 годзе было 1200).

Што да стыпендый, якія беларуская моладзь атрымлівае ў краінах ЕС, то дакладных лічбаў няма. 

«Больш-менш дакладныя лічбы можна знайсці па праграме Каліноўскага ў Польшчы, яны даюць лічбы колькі ўсяго было стыпендый за пяць гадоў, гэта прыкладна 350 стыпендый на год. Праграма Каліноўскага найбольшая. Ёсць праграмы па падтрымцы ў асобных універсітэтах», — кажа Павел Церашковіч.

Ён таксама звяртае ўвагу на цяжкасці, з якімі сутыкаюцца беларускія студэнты ў Польшчы.

«Літаральна кожны год у Польшчы ўзнікаюць нейкія праблемы для студэнтаў. Летась сістэма адукацыі сутыкнулася з тым, што яны абсалютна не ведаюць, якія ёсць узоры пасведчанняў аб сярэдняй адукацыі ў Беларусі.

Гэта не толькі атэстат за 11 класаў, але і дыпломы каледжаў, ПТВ. Я, напрыклад, кансультаваў ужонд (мясцовая адміністрацыя. — НН) у Мазавецкім ваяводстве і высылаў ім фота ўзораў усіх магчымых дакументаў. Сёлета праблема была з моўнымі сертыфікатамі. Высветлілася, што нават заканчэнне «зэруўкі» [падрыхтоўчае аддзяленне ўніверсітэту] не гарантуе паступлення», — наракае навуковец.

Ён зазначае, што ёсць таксама праблема ў тым, што ўніверсітэты ў Польшчы маюць шмат аўтаноміі, і часта рэктар вырашае, якое рашэнне прымаць. І працаваць з сотняй рэктараў больш складана, чым з адным міністэрствам адукацыі, якое таксама абмежаванае ў рэгуляванні.

«У гэтым годзе сітуацыя часткова вырашылася. Спадзяюся, правілы цяпер больш-менш вядомыя, і абітурыентам трэба рыхтавацца і здаваць іспыты па польскай мове, каб мець афіцыйны сертыфікат. Але не выключана, што і ў наступным разам будзе штосьці новае, давядзецца зноў у аператыўным рэжыме сітуацыю вырашаць», — мяркуе Павел Церашковіч.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула