БЕЛ Ł РУС

Кіроўца хуткай з Дзяржынска паскардзіўся на нізкі заробак. У «Мінаблсантрансе» параілі больш працаваць ноччу

23.10.2025 / 9:21

Nashaniva.com

У сацыяльных сетках распаўсюдзілася відэа ад кіроўцы хуткай дапамогі з Дзяржынскага раёна.

Кіроўца паказаў свой разліковы лісток за верасень, піша dzr.by.

— Заробак павысілі, а прэмію ўрэзалі. У выніку ў кішэні ў людзей грошай стала менш, а не больш, — скардзіцца ён.

Сума 1097 рублёў 17 капеек, на думку кіроўцы, не дазваляе нармальна ўтрымліваць сям’ю і самога сябе. Заробку хапае толькі на тое, каб аддаваць крэдыты, без якіх, паводле яго слоў, «нават ровар нельга купіць».

Журналісты звярнуліся да дырэктара «Мінаблсантранса» Віталя Голада, каб ён растлумачыў сітуацыю.

«Па бухгалтэрыі ўсё разлічана правільна, у адпаведнасці з заканадаўствам і кантрактам, які кіроўца падпісваў, — адказаў Голад. — У яго за верасень адпрацавана 176,8 гадзіны. Гэта 14 змен і 8 гадзін пераходнай змены. Гэта мінімальная колькасць працоўнага часу. Кіроўцы хуткай працуюць два праз два. Заўсёды ёсць магчымасць падпрацаваць, калі ёсць жаданне. Дадатковая праца ёсць пастаянна».

Дырэктар дадаў, што пагадзінная праца гэтага кіроўцы аплачваецца ніжэй, бо ён не здаў на класнасць — кіроўцам 1 і 2 класа плацяць болей.

«Што датычыць прэміі, дык яна вызначаецца калектыўнай дамовай. У гэтага кіроўцы 50 працэнтаў.

Калі ён адпрацоўвае больш змен, то прэмія будзе большай. Калі больш начных змен, то таксама заробак большы.

Тое ж самае і са стажам — ад трох гадоў налічваюцца надбаўкі. Калі машына старэйшая за пяць гадоў, то кіроўцы атрымліваюць яшчэ плюс 25 працэнтаў да выніковай тарыфнай стаўкі. Таму ў іншых кіроўцаў заробак значна вышэйшы.

Калі б кіроўца хаця б браў больш змен, то і заробак быў бы іншы. Ён падпісваў кантракт і бачыў, які заробак будзе пры мінімальнай працы. І зноў жа, трэба ўлічваць характар працы. Часам за змену ў кіроўцы можа не быць ніводнага выкліку, а часам трэба паездзіць». 

Віталь Голад таксама адзначыў, што па выніках плануецца павялічыць прэміі і заробак кіроўцам, таксама яны будуць заахвочаныя матэрыяльнай дапамогай да святаў. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула